Сам Юры не прысутнічае на судзе. Ён у СІЗА. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і пабіцьця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька. Ён зазначыў, што сын страціў у СІЗА за тры месяцы 20 кіляграмаў вагі.
Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Юры быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя зьвесткі сілавікоў. Са сьнежня па красавік ён пісаў «камэнтары абразьлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме». Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.
«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адсядзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сьляды пабіцьця, пісаў скаргі на затрыманьне і біцьцё, але сьледчыя не знайшлі вінаватых. Напісалі нам у адказе, што ўсе былі ў балаклавах, таму немагчыма вызначыць, хто менавіта яго пабіў», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Гомля атрымаў год калёніі за тое, што сарваў дзяржаўны сьцягЁн кажа, што сын — праўдаруб, ніколі не мірыўся зь несправядлівасьцю. Таму, не выключае Сяргей Прахарэнка, ён пакрыўдзіўся на сілавікоў і пісаў такія камэнтары.
«Я прасіў яго: „Юра, нічога не пішы, гэта сыстэма, ты нічога не даб’есься“», — зазначыў законны прадстаўнік.
Бацькі Юрыя плакалі на судзе.
Паседжаньні працягваюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Гомлі прыняў рашэньне аб пераводзе грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ ў турму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньне ТБМ. Арганізацыі пагражае ліквідацыя