Зь лічбаў ведамства вынікае, што цалкам прышчапіліся ў Беларусі 16,8% жыхароў, а яшчэ 21,5% атрымалі адну дозу вакцыны.
Для параўнаньня, у Літве 60% вакцынаваліся ўжо дзьвюма дозамі, 64% — першай; у Польшчы — 51% дзьвюма дозамі і 52% — адной; у Расеі — 29% і 33% адпаведна.
Амаль палова ня хоча ці не гатова вакцынавацца
Паводле апытанкі Tut.by, дзе прагаласавалі больш за 88 тысяч чалавек, 43% не вакцынаваліся і не плянуюць; 22% не прышчапляліся, але плянуюць гэта зрабіць; 28% зрабілі прышчэпку ў Беларусі і 7% — у іншай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларусам не даступныя заходнія вакцыны, а ўкраінцы свабодна імі прышчапляюцца?Яшчэ ў сакавіку тэлефоннае апытаньне наконт вакцынацыі рабіў Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі. Тады 42,8% беларусаў ставіліся да вакцынацыі нэгатыўна, 43,7% — станоўча, 13,5% не змаглі адказаць.
З вакцын у Беларусі прапануюць расейскую «Спутник V» і кітайскую ад кампаніі Sinopharm, нядаўна сталі прымяняць і расейскую вакцыну «Спутник Лайт».
Любыя захады дзяржавы успрымацца з сумневам
На думку сацыёляга Генадзя Каршунова, ад пачатку пандэміі дзяржава «адмовілася ад інфармацыйнай кампаніі». І цяпер зрабіць нешта, каб людзі вакцынаваліся, вельмі цяжка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць беларусы вакцынавацца за мяжой?«Беларусы, збольшага, людзі адукаваныя, значыць, схільныя да рэфлексіі і выпрацоўкі сваёй думкі. Ім трэба аргумэнтацыя, інфармацыйная кампанія. Ад пачатку пандэміі дзяржава фактычна адмовілася весьці нармальную інфармацыйную кампанію. Давер да дзяржаўных інстытутаў цяпер на мінімуме», — лічыць адмыслоўца.
Генадзь Каршуноў дадае, што з прапанаванага дзяржавай выбару ёсьць толькі дзьве прышчэпкі, у якіх пакуль няма сусьветнага прызнаньня.
Трэба ня проста заклікі, а ўцямнае абгрунтаваньне
Сытуацыю з вакцынацыяй маглі б зьмяніць лідэры думак, мяркуе Генадзь Каршуноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфэкцыяніст Мікіта Салавей заклікае да вакцынацыі: З такой дынамікай можа не хапіць дактароў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў«Паводле Інстытуту сацыялёгіі, асноўныя прычыны адмовы — боязь пабочак, недавер да вакцынаў, упэўненасьць, што тыя не дапамогуць супраць новага штаму. Усе гэтыя пытаньні мусілі б раскрывацца дзяржаўнай інфармацыйнай машынай. Але як давяраць Мінздароўя, калі тыя хаваюць статыстыку? Незразумела, як вылекаваць такі парадокс. Адзінае, што магла б зрабіць улада, — раскрыць сапраўдныя дадзеныя і такім чынам матываваць прышчапляцца», — кажа Генадзь Каршуноў.
Прымусовыя захады наўрад ці дадуць нейкі плён
У некаторых эўрапейскіх краінах без вакцынацыі нельга наведваць кавярні і буйныя гандлёвыя цэнтры. На думку Генадзя Каршунова, у Беларусі абмежавальныя захады не прымусяць людзей вакцынавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрозьніваецца афіцыйная сьмяротнасьць ад COVID-19 у Расеі і Беларусі«У дзяржавы няма рэсурсаў такое зрабіць, да таго ж сумнеўна, што прымусовыя захады дадуць плён. Дзяржава столькі робіць прымусовага і гвалтоўнага, што падобны падыход у Беларусі меў быў зусім адваротны эфэкт», — перакананы сацыёляг.
Паводле дадзеных Міністэрства здароўя Беларусі, на 27 верасьня зарэгістравалі 1946 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.