Экасыстэма стартапаў Беларусі перажывае глыбокі крызіс, а некаторыя яго наступствы ўжо непапраўныя, або для выпраўленьня становішча спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі. Да такіх высноў прыйшлі экспэрты Imaguru ў справаздачы аб жыцьці беларускіх стартапаў пасьля прэзыдэнцкай электаральнай кампаніі 2020 году, піша Belbiz.
Экспэрты правялі апытаньне беларускіх стартапаў: пыталіся пра іх дзейнасьць, выніковасьць і пэрспэктывы ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу ў Беларусі, выкліканага выбарамі мінулага году і падзеямі, зьвязанымі зь імі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-кампанію, дырэктара якой пакаралі 5 гадамі калёніі, таемна выключылі з Парку высокіх тэхналёгійЗа аб’ект дасьледаваньня ўзялі базу дадзеных стартап-хабу Imaguru і аксэлератара TechMinsk. Апытвалі стартапы, у якіх хаця б адзін з заснавальнікаў з дамінуючай доляй — беларус. На 41 пытаньне анкеты адказалі прадстаўнікі 220 стартапаў.
Асноўныя высновы дасьледаваньня:
- Палітычны крызіс у Беларусі нэгатыўна паўплываў на працу пераважнай большасьці стартапаў. Менск перастаў быць цэнтрам «экасыстэмы», каманды працуюць дыстанцыйна;
- Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы адзначаюць рэлякацыю бізнэсу (52%), зьмяненьне плянаў і дадатковыя выдаткі (45%), пагаршэньне доступу да зьнешняга фінансаваньня (32%), пагрозы разьвіцьцю бізнэсу (28,5%), зьніжэньне эфэктыўнасьці працы каманды (27%);
- 58% беларускіх стартапаў зьехалі зь Беларусі, і толькі 4% адзначылі, што ня бачаць прычын для пераезду, бо іх усё задавальняе;
- Чвэрць заснавальнікаў не плянуюць вяртацца ў Беларусь. Для астатніх асноўная ўмова вяртаньня — дэмакратычныя перамены;
- 70% стартапаў лічаць, што наступствы крызісу працягнуцца і пасьля 2023 году;
- Большасьць беларускіх стартапаў маюць кампаніі за мяжой. Кожны трэці стартап падняў інвэстыцыі ў крызісны пэрыяд;
- Толькі 3% стартапаў плянуюць прыцягваць грошы ў наступным годзе ад беларускіх інвэстараў.
Заснавальнік групы кампаній Belbiz і стартап-хабу Imaguru Тацяна Марыніч назвала рэлякацыю прадстаўнікоў тэхнічных стартапаў галоўным трэндам апошняга году ў індустрыі. Яна лічыць, што гэта дрэнна для эканомікі, да таго ж гэта зьніжае эфэктыўнасьць працы камандаў. Але ёсьць і пазытыўныя пэрспэктывы для маладых супрацоўнікаў.
«Я ўпэўненая, што вельмі многія стануць расьці нават хутчэй і якасьней, чым калі б яны засталіся ў Беларусі. Многія вернуцца, калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя зьмены, з набытым вопытам, інвэстыцыямі, міжнароднымі бізнэс-партнэрамі. Гэта будзе калясальны ўнёсак у новую беларускую эканоміку. Так, існуюць сур’ёзныя рызыкі, што вернуцца ня ўсе. Каб мінімізаваць гэта, важна выбудоўваць альтэрнатыўную інфраструктуру падтрымкі беларускіх стартапаў за мяжой, працягваючы будаваць супольнасьць онлайн і разьвіваючы такія хабы, як Imaguru, у тых краінах, дзе больш за ўсё беларускіх IT-спэцыялістаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не зьбіраліся пакідаць краіну». Заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін пракамэнтаваў словы Лукашэнкі