Блогеры з каналаў «Беларусь головного мозга» і «Чорная кніга Беларусі» паказалі расьсьледаваньне адной з найбуйнейшых справаў аб катаваньнях пратэстоўцаў. Сьведчаньні ахвяраў катаваньняў у Фрунзэнскім РУУС Менску ў жніўні 2020 году дапамаглі выкрыцьцю асобаў, датычных да зьдзекаў з грамадзян. Як адзначаюць аўтары відэа, яны паўгода працавалі над тым, каб устанавіць асобы вінаватых.
Таксама ў расьсьледаваньні дапамагла ініцыятыва ByPol, у якую ўваходзяць былыя сілавікі, якія пакінулі органы Беларусі. Раней ініцыятыва апублікавала «зьліў» — відэа катаваньняў і тых, хто браў у іх удзел. Так удалося высьветліць, што да зьдзекаў датычныя Ліліяна Ж., якая была прыпісаная да Партызанскага РАУС Менску, і Карына К.
Дзякуючы базе «Чорнай кнігі Беларусі» аўтары відэа назвалі яшчэ трох удзельнікаў — начальніка Фрунзэнскага РУУС Аляксандра П., а таксама супрацоўнікаў Максіма А. і Аляксандра З.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аблізвай палку!». Зьявілася відэа катаваньня пратэстоўцаў у РУУС 12 жніўняДэталёвы аналіз відэа дазволіў выкрыць асобы сілавікоў, якія хаваліся пад маскамі, іх таксама назвалі і паказалі ў відэа.
Затрыманых у пастарунку 12 жніўня 2020 называлі не па імёнах, а па «прысвоеных» нумарах. Аднаго з хлопцаў, у якога знайшлі рацыі, паказальна білі перад усімі.
Адна з ахвяраў катаваньняў расказала, што на людзей ставілі адмысловыя знакі, каб сілавікі, якія будуць «прымаць» затрыманых у РУУС, ведалі, што зь імі рабіць. Незразумела, паводле якога прынцыпу, аднак на некаторых ставілі чорныя знакі, і ім даставалася найбольш. Па затрыманых бегалі і хадзілі нагамі, запісваючы гэта на відэа.
Увесь душ у РУУС быў у крыві. Пры гэтым раніцай у РУУС прыйшоў прыбіральнік і бязь лішніх пытаньняў пачаў вымываць памяшканьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэмны канцлягер: хто ўзаконіў катаваньні ў Беларусі? Чарговае расьследаваньне ByPolАўтары расьсьледаваньня адзначаюць, што адключаны ў Беларусі інтэрнэт у першыя дні пасьля выбараў, як ні парадаксальна, паспрыяў выкрыцьцю вінаватых у катаваньнях, паколькі на адлегласьці паміж сабой яны маглі зьвязвацца толькі з дапамогай стандартнай сотавай сувязі, а ўсе іхныя размовы запісваліся. Гэта дапамагло вызначыць асобы сілавікоў, якія знаходзіліся ў РУУС у той час, іх тэлефанаваньні. Высьветлілася, што ў Фрунзэнскім РУУС тады знаходзіўся і супрацоўнік Сьледчага камітэту.
Яшчэ 9 імёнаў выкрылі дзякуючы адміністрацыйным пратаколам, якія падпісвалі супрацоўнікі РУУС. Яны мелі прамое дачыненьне да судовых паказаньняў супраць пратэстоўцаў.
Адна з ахвяраў катаваньняў паведаміла, што ўжо пасьля жорсткага пабіцьця людзей міліцыянты фатаграфаваліся на іх фоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 46 тысяч пратэстоўцаў і «катаваньні прыдумалі». Дзе Лукашэнка сказаў няпраўдуПасьля падзей жніўня 2020 году супраць сілавікоў дагэтуль не заведзена ніводнай крымінальнай справы за забойствы, катаваньні ці перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Лукашэнка некалькі разоў узнагароджваў тых, хто разганяў пратэсты і ўдзельнічаў у перасьледзе грамадзян, шэраг узнагароджваньняў адбыўся без пазначэньня імёнаў сілавікоў, а таксама без фатаздымкаў іх твараў.
Сілавікі, якія дэманстратыўна пакінулі службу і ўдзельнічалі ў выкрыцьці былых калег, перасьледуюцца. Некаторыя знаходзяцца за кратамі, некаторыя эмігравалі. Частка стварыла ў замежжы ініцыятыву ByPol, якая займаецца ўласнымі расьсьледаваньнямі падзей 2020 году. Таксама ініцыятыва абвясьцілі плян «Перамога», які, на думку арганізатараў, павінен нанесьці канчатковы ўдар па ўладзе Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня толькі сілавікі». Камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі падвёў вынікі за год