Урад Расеі ўнёс «Яндэкс.Браўзэр» і антывірус Касьперскага ў сьпіс праграм, абавязковых для ўсталяваньня перад продажам кампутараў, ноўтбукаў і сыстэмных блёкаў.
А з 2022 году вытворцаў абавяжуць усталёўваць яшчэ і пошукавую сыстэму «Яндэкс».
Закон пра абавязковае ўсталяваньне расейскіх праграм прынялі летась у красавіку.
Сярод абавязковых праграм у Расеі
- аплікацыі Mail.ru,
- «Госуслуги»,
- галасавы памочнік «Маруся»,
- плацежная сыстэма «Мир»,
- пакет праграм «Мой офис».
У 2017 годзе ўлады ЗША забаранілі ўрадавым структурам краіны выкарыстоўваць праграмы «Лябараторыі Касьперскага» праз падазрэньні ў сувязях з Крамлём і расейскімі спэцслужбамі. «Лябараторыя Касьперскага» супрацоўніцтва адмаўляе.
У Вялікай Брытаніі дзяржустановам таксама забаранілі выкарыстоўваць расейскія антывірусныя праграмы «Лябараторыі Касьперскага». Папярэджаньне выпусьціў Цэнтар нацыянальнай кібэрбясьпекі.
Сэрвісы «Яндекса» і Mail.ru і «Лябараторыі Касьперскага» ад 2017 году заблякавалі ва Ўкраіне.