Гэта адбылося раніцай 17 верасьня, у дзень, калі ў Расеі пачалося трохдзённае галасаваньне на выбарах у Дзяржаўную Думу, а таксама ў рэгіянальныя і муніцыпальныя органы ўлады.
У аплікацыі публікуюць паведамленьні з сайту апазыцыйнага палітыка. Таксама там ёсьць функцыя «Разумнага галасаваньня».
З кампутара аплікацыя ўсё яшчэ даступная ў Google Play, аднак у мабільнай вэрсіі онлайн-крамы яе больш знайсьці нельга. Таксама аплікацыю «Навальный» не ўдалося знайсьці ў мабільнай вэрсіі App Store, паведамляе тэлеканал «Дождь».
Напярэдадні выбараў «Роскомнадзор» абвінаваціў амэрыканскія IT-кампаніі Google, Apple, Cloudflare і Cisco ў тым, што яны дапамагаюць «Разумнаму галасаваньню» абыходзіць блякаваньне. Калі замежныя кампаніі ня выканаюць патрабаваньні спыніць дапамогу «Разумнаму галасаваньню», гэта будзе разглядацца расейскімі ўладамі як «замежнае ўмяшаньне ў выбары», заявілі ў «Роскомнадзоре».
У пачатку верасьня суд у Маскве вырашыў, што пошукавікі павінны прыбраць «Разумнае галасаваньне» з вынікаў пошуку. «Яндэкс» пагадзіўся, а Google гэтага не зрабіў. У маскоўскі офіс кампаніі прыходзілі судовыя прыставы.
15 верасьня прыхільнікі Аляксея Навальнага апублікавалі свае рэкамэндацыі што да галасаваньня на выбарах у Дзяржаўную Думу і ў іншыя органы ўлады. Увечары таго самага дня расейскія карыстальнікі інтэрнэту паведамілі аб праблемах з доступам да сэрвісу Google Docs, дзе былі апублікаваныя сьпісы кандыдатаў «Разумнага галасаваньня».
- Прыхільнікі Навальнага называюць сваю стратэгію «Разумным галасаваньнем» — яны прапануюць галасаваць за кандыдатаў, якія, на іх думку, маюць найбольшыя шанцы выйграць у прадстаўнікоў «Адзінай Расеі». Партыйная прыналежнасьць пры гэтым ня важная.