Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў у Нью-Ёрку на 76-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Сярод іншага ён параіў «перастаць павучаць» беларусаў.
Прамову Ўладзімера Макея трансьляваў афіцыйны твітэр-акаўнт Міністэрства замежных спраў Беларусі. Яна цалкам апублікаваная на сайце МЗС Беларусі.
Некалькі цытат з прамовы Макея:
- Беларусь больш за год працягвае заставацца мішэньню ваяўнічага ціску з боку калектыўнага Захаду. І ўсё толькі таму, што тут не ўдалося рэалізаваць адшліфаваны да дасканаласьці сцэнар чарговай «каляровай рэвалюцыі»
- Беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на пабудову моцнай, сувэрэннай і квітнеючай дзяржавы. Менавіта на гэта нацэлена інклюзіўная Канстытуцыйная рэформа, у якой удзельнічаюць усе пласты насельніцтва
- Спробы асобных, як прынята называць, разьвітых краін манапалізаваць аўтарскае права на дэмакратыю адкрыта нагадваюць мэтады нацыстаў, якія таксама дзялілі сьвет на тых, хто павінен панаваць, і тых, хто павінен быць рабом
- Упадабаным прыёмам заходніх дзяржаў працягваюць заставацца аднабаковыя абмежавальныя меры. Відавочна, што асноўнымі ахвярамі санкцый становяцца звычайныя грамадзяне
- Мы заўсёды прытрымліваліся і будзем трымацца палітыкі добрасуседзтва, у аснове якой ляжыць простая мудрасьць: «Суседзі дадзены нам ад Бога!»
- Ня варта перакладаць адказнасьць з хворай галавы на здаровую, абвінавачваючы нас у разьвязваньні гібрыднай вайны супраць Эўразьвязу, як хлусілі з гэтай высокай трыбуны лідэры Польшчы, Літвы, Латвіі ды іншых краін
- Нават абывацелю зразумела: 10-мільённая Беларусь аб’ектыўна ня можа весьці ня толькі «гібрыдную», а і ніякую вайну з 500-мільённым Эўразьвязам, нават каб у яе і былі мускулы Арнольда Шварцэнэгера
- Ці гэта ня верх цынізму і блюзьнерства з боку заступнікаў за правы чалавека, якія адносяць сябе да больш высокага ўзроўню цывілізацыі і якія спрабуюць вучыць іншых, як ім трэба жыць!
- Бесьперапынныя спробы асобных краін навязаць сувэрэнным дзяржавам штучныя шаблёны, барбарская санкцыйная палітыка, эканамічны тэрарызм, вяртаньне да элемэнтаў блёкавага супрацьстаяньня — прыкметы дакучлівага жаданьня разагрэць асяродкі канфрантацыі ў сьвеце
- Сёньня сьветам кіруюць эканамічны эгаізм, палітычныя амбіцыі, шантаж, імпэрскія звычкі, крызісы, канфлікты і зрэжысаваны хаос
- Мільёны ўцекачоў імкнуцца трапіць з усіх напрамкаў у сытую Эўропу, каб уратавацца ад голаду, бедзтваў, створаных Захадам у тых ці іншых рэгіёнах. Але, як аказалася, іх у Эўропе ніхто не чакае.
- Мы рашуча выступаем супраць любых спробаў абяліць нацыстаў і апраўдаць іх жахлівыя злачынствы. Менавіта таму ў Беларусі распачата крымінальная справа па фактах генацыду беларускага народу ў гады вайны
- На вялікі жаль, мы назіраем небясьпечныя тэндэнцыі даць скажоныя маральныя і прававыя ацэнкі вынікаў Другой сусьветнай вайны, зраўнаваць у правах ахвяраў і катаў, вызваліцеляў і агрэсараў, паставіць пад сумнеў рашэньні Нюрнбэрскага трыбуналу