Сьцісла
- Заклікі распаўсюджваюцца ў закрытых вайбер-чатах (у чаце Сьвята-елісавецінскага манастыра ёсьць перапост з чата «Отчизна защити свою семью»).
- Такі збор подпісаў у абарону агрэсараў быў цынічным, абсурдным і амаральным заўжды. Але раней была надзея, што прымуць новы закон альбо хоць бы ўнясуць праўкі ў тыя, што ўжо ёсьць.
- Увосень 2021 году могуць быць дзьве прычыны ня ведаць пра масавыя катаваньні па палітычных матывах: стан здароўя і адсутнасьць кантактаў з навакольным сьветам.
Я даведалася пра збор подпісаў выпадкова — маці ў размове спытала, ці чула я нешта пра гэтую ініцыятыву. Я дужа зьдзівілася, бо была ўпэўнена, што праз год пасьля пачатку тэрору ў Беларусі людзі проста пасаромеюцца больш-менш публічна займацца апалягетыкай гвалту. Але ня варта было пераацэньваць чужую гуманнасьць.
Цікава тое, што ў адкрытым доступе інфармацыі пра адпаведны збор амаль няма — я знайшла толькі адну нататку на не надта вядомым сайце. Заклікі распаўсюджваюцца ў закрытых вайбер-чатах (як мінімум, у чаце Сьвята-елісавецінскага манастыра ёсьць перапост з чата «Отчизна защити свою семью»). Там, у закрытых чатах, паведамляюць пра час і месца збору ў розных гарадах.
Але чаму няма заклікаў у адкрытым доступе? Адказ відавочны: калі выступаць за гвалт на вялікіх анлайн-плятформах, там імгненна людзі патлумачаць, чаму гэта барбарства. Пад кожным заклікам абараняць агрэсараў будуць фатаздымкі людзей пасьля Акрэсьціна і сьведчаньні тых, хто прайшлі праз катаваньні за мінулы год. У аматараў гвалту няма шанцаў выйграць у справядлівай інфармацыйнай вайне, і таму яны «ідуць у людзі» і палююць, так бы мовіць, ужывую на тых, каму можна задурыць галаву. Запужваюць людзей байкамі пра тое, што іх нібыта будуць караць за адмову набыць дзіцяці новы айфон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады ўсё ж зьмяняюць законы пра хатні гвалтКанечне, яны нічога не раскажуць пра тое, што наяўнасьць у агрэсара маленькіх дзяцей — гэта зьмякчальныя абставіны на судзе, нават калі ён зьбіваў маці гэтых дзяцей у іх жа прысутнасьці. Не раскажуць, што недзяржаўную арганізацыю, якая шмат гадоў займалася ратаваньнем жанчын ад хатняга гвалту, ліквідуюць. Яны ўвогуле пра рэальнасьць нічога не раскажуць. Толькі падзеляцца фантазіямі пра тое, як міліцыянты, якія сёньня кажуць, што жанчына сама вінавата, калі муж ёй зламаў некалькі рэбраў, нос і вырваў валасы з галавы, заўтра стануць саджаць мужчын за адмову набываць норкавую шубу.
Безумоўна, такі збор подпісаў у абарону агрэсараў быў цынічным, абсурдным і амаральным заўжды. Але раней была надзея, што прымуць новы закон альбо хоць бы ўнясуць праўкі ў тыя, што ўжо ёсьць. І перамовы і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі выглядалі як рацыянальны падыход, таму мог быць сэнс у абмеркаваньні фармулёвак у законе. Але нельга ж цяпер сур’ёзна разьлічваць на супрацоўніцтва з рэжымам і на тое, што нейкія пэтыцыі і заклікі будуць працаваць. Ці што ўвогуле які заўгодна закон будзе працаваць.
І вельмі страшна, канечне, усьведамляць, што садызм у Беларусі ўхваляецца не толькі ў міліцэйскіх, але і ў пэўных царкоўных колах. Увосень 2021 году могуць быць дзьве прычыны ня ведаць пра масавыя катаваньні па палітычных матывах: стан здароўя і адсутнасьць кантактаў з навакольным сьветам. Нельга жыць у грамадзтве і нічога ня ведаць.
Гэтыя людзі, якія цяпер зьбіраюць подпісы, усё ведаюць пра беларускую рэальнасьць, але ўпарта яе ігнаруюць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.