Учора адвакат прыйшоў на плянавую сустрэчу з Дубойскім у белгародзкім СІЗА, дзе даведаўся, што днём раней яго вывезьлі для экстрадыцыі.
Але ў Дубойскага наперадзе яшчэ апэляцыйны суд на рашэньне пра экстрадыцыю, да якога экстрадаваць яго нельга.
У выніку адвакат з памочнікам судзьдзі знайшлі Вадзіма Дубойскага за 150 км ад Белгараду, у Курску. Экстрадыцыю спынілі. Дубойскага да канца месяца павінны вярнуць у Белгарад.
Заўчасную экстрадыцыю ў СІЗА назвалі памылкай.
Адвакат: Гэтая экстрадыцыя была ня толькі памылковай, але і незаконнай
«Пазаўчора Вадзіма Дубойскага адправілі на этап у Смаленск цераз Курск. Гэтая экстрадыцыя была ня толькі памылковай, але і незаконнай, — сказаў Свабодзе адвакат Дзяніс Рэва. — Бо на гэты момант мы абскарджваем рашэньне суду ў апэляцыйнай інстанцыі. Рашэньне аб яго перадачы беларускім уладам не набыло моц.
Са слоў супрацоўнікаў спэцчасткі СІЗА, у іх было рашэньне суду, прайшло 10 сутак, пра скаргу яны ня ведалі, таму вырашылі, што можна Вадзіма адпраўляць», — дадаў адвакат.
Ён мяркуе, што пасьля выходных Вадзіма этапуюць назад у СІЗА Белгараду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дубойскі, ну хто вы такі, каб вас катаваць?» Выдачу з Расеі беларуса Вадзіма Дубойскага будуць абскарджвацьДубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.
Фактычна толькі аднаго чалавека з затрыманых пасьля жніўня 2020 году вызвалілі. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён пераехаў у Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з Расеі выдаюць беларусаў, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду