Відэазванок Севярынца
Павал Севярынец з турмы ўпершыню патэлефанаваў сваёй жонцы. Пра гэта Вольга Севярынец напісала ў фэйсбуку. Яна паведаміла, што гэта быў відэазванок праз Viber.
Цяпер Павал знаходзіцца ў калёніі ў Шклове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўла Севярынца этапавалі ў шклоўскую калёнію
Суд над Любецкім
Стала прыкладна вядома, калі пачнецца суд над хірургам Андрэем Любецкім. Яго вінавацяць у «абразе Лукашэнкі». Суд павінен пачацца ў кастрычніку-лістападзе, паведамляюць Naviny.by.
Пра гэта сам сталічны лекар напісаў у лісьце з жодзінскай турмы, у якой яго ўтрымліваюць з 4 траўня. За кратамі Любецкі стаў праяўляць больш цікавасьці да беларускай мовы, вучыць нямецкую, спрабуе займацца спортам, піша вершы. Піша, што не баіцца магчымага прысуду.
Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 Менску сківічным хірургам. Валянтэрыў каля ІЧУ на Акрэсьціна. Мае чацьвёра дзяцей. Жонка Натальля разам зь імі вымушана пакінула краіну. Яна фігуравала ў фільме «Манкурты» на дзяржаўнай тэлевізіі. Яе абвінавачвалі ў сувязі з «экстрэмістамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмовіўся ад кавы, солі, вымушана ад гарэлкі». Што піша з-за кратаў хірург Андрэй ЛюбецкіПадаўжэньне арышту Сапегі
Расейская грамадзянка Соф’я Сапега, затрыманая беларускімі спэцслужбамі 23 траўня на самалёце разам з блогерам Раманам Пратасевічам, будзе знаходзіцца пад арыштам да 25 сьнежня. Пра тое, што Соф’і падоўжылі ўтрыманьне пад вартай, расейскай службе ВВС расказала маці палітзьняволенай Ганна Дудзіч.
Маці палітзьняволенай у размове з Deutsche Welle адзначыла, што яе дачка пераносіць усе цяжкасьці даволі годна, а сваякі знаходзяцца ў рэжыме чаканьня. Тэлефонныя размовы адбываюцца штодня. Пытаньне памілаваньня Сапега абмяркоўвала з адвакатам Філановічам, але канкрэтыка ў пытаньні невядомая. Таксама маці ня ўпэўненая, што ў выпадку перадачы дачкі ў Расею яе там адразу вызваляць з-пад варты.
Абаронца Сапегі пракамэнтаваў інфармацыю пра працягненьне хатняга арышту.
«У адпаведнасьці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь абавязак азнаямленьня абаронцы з працягненьнем дадзенага тэрміну ў сьледзтва адсутнічае. З боку абаронцаў паведамляем, што сьледчыя дзеяньні з удзелам Соф’і працягваюцца, яна знаходзіцца пад хатнім арыштам, адчувае сябе нармальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі расейскай амбасады наведалі затрыманых грамадзян РФ Сапегу і Дуднікава: «Скаргаў няма»Суд над музыкам аб замене меры пакараньня перанесьлі
Проста ў будынку папраўчай установы («хіміі») у Віцебску пачаўся працэс аб замене пакараньня палітвязьню Ігару Банцэру. Зьняволены за танец у майтках у 2020 годзе музыка можа адправіцца замест «хіміі» ў калёнію, бо кіраўніцтва віцебскай установы паскардзілася на 6 парушэньняў рэжыму зь ягонага боку, піша «Вясна».
На пачатку паседжаньня Банцэр запатрабаваў адваката, таму разгляд адклалі. Новае паседжаньне адбудзецца 29 верасьня.