- Пра стварэньне партыі Віктара Бабарыкі стала вядома яшчэ летась у жніўні. Штаб палітыка распаўсюдзіў яго відэазварот, запісаны напярэдадні арышту.
- Павал Латушка абвясьціў пра стварэньне ўласнай партыі ўвесну гэтага году і абяцаў цягам месяцаў прадставіць дэталі. Але дагэтуль кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва не расказаў падрабязнасьцяў.
- Таксама ўвесну пра пляны стварыць сваю партыю заявіў былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў. Ён нават агучыў яе працоўную назву — «Наша партыя».
Партыя Бабарыкі: «Большая частка дзейнасьці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступленьня»
Каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і аргкамітэту партыі «Разам» Іван Краўцоў расказаў Свабодзе, што праца над стварэньнем партыі не спынілася і што каманда працуе «спакойна, зыходзячы з магчымасьцяў цяперашняй сытуацыі».
Пакуль што, паводле яго, гэта практычна выключна онлайн-актыўнасьць: сустрэчы, сэмінары, лекцыі. Большая частка дзейнасьці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступленьня.
«Становішча ў Беларусі супэрскладанае, галоўнае для нас — гэта бясьпека людзей. Партыя — гэта надоўга, гэта не праект, які можа даць хуткі вынік. Самае важнае — захаваць супольнасьць, якая падтрымлівае наш палітычны парадак дня, бачаньне будучыні Віктарам Бабарыкам і ягонай камандай. Для нас саміх гэта таксама важна — мы шмат чаму вучымся дзякуючы зносінам зь сябрамі партыі. Такія аб’яднаньні, як наша, таксама маюць сваю „сэзоннасьць“. У пэрыяд выбарчых кампаній ёсьць сэнс быць максымальна актыўнымі, у тым ліку публічна, у міжвыбарны пэрыяд — гэта іншы тып працы: разьвіцьцё арганізацыі і пабудова нефармальных кантактаў», — сказаў паплечнік Віктара Бабарыкі.
Іван Краўцоў кажа, што як толькі ў Беларусі можна будзе праводзіць мерапрыемствы ўжывую, то штаб Віктара Бабарыкі будзе рыхтаваць устаноўчы зьезд і падаваць дакумэнты на рэгістрацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка з-за кратаў заклікаў уступаць у ягоную партыюПартыя Латушкі: «Пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах»
Павал Латушка расказаў Свабодзе, што партыйнае будаўніцтва не сыходзіць з парадку дня, але цяпер ёсьць абмежаваньні палітычнага і адміністрацыйнага характару. Таму цяпер ягоная каманда праводзіць папярэднюю падрыхтоўчую працу для будучага стварэньня партыі, калі для гэтага будуць умовы.
«На жаль, сёньня цяжка гаварыць пра магчымасьць разьвіцьця палітычнай дэмакратычнай сыстэмы ў Беларусі. Фактычна адсутнічае магчымасьць рэгістрацыі новых і разьвіцьця існых партый і палітычна-грамадзкіх рухаў. Зьвязана гэта і з рэпрэсіямі ў бок грамадзтва за палітычныя погляды, і з выкарыстаньнем адміністрацыйных інструмэнтаў, якія блякуюць магчымасьць стварэньня і разьвіцьця партый», — кажа палітык.
Кіраўнік НАК дадаў, што яны распрацавалі адпаведныя падыходы і матэрыялы для прыняцьця праграмных дакумэнтаў палітычнай партыі. Але зарэгістраваць цяпер партыю ў Беларусі немагчыма, канстатуе Латушка.
«Але мы ўпэўненыя, што Беларусь мусіць быць парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай зь мінімалізацыяй функцый прэзыдэнта і моцным парлямэнтам, які будзе фармавацца палітычнымі партыямі. І выканаўчая ўлада будзе знаходзіцца ў палітычнай партыі альбо кааліцыі. Трэба быць гатовымі да гэтага, — лічыць палітык. — Для нас таксама вельмі важна падтрымліваць сувязь з патэнцыйным партыйным актывам у Беларусі. Гэта ў тым ліку неабходна, каб быць гатовымі да стварэньня рэгіянальных структур. Мы пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму цяпер, для каго і ці ня зьнішчыць адзінства. 10 адказаў Латушкі пра ягоную партыюПартыя Дзьмітрыева: «У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі»
Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што разам са сваёй камандай працягвае стварэньне «Нашай партыі». У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі і быў сфармаваны яго аргкамітэт.
«Да партыі далучаюцца новыя людзі, і нам гэта вельмі прыемна. Таксама мы працягваем працу над праграмай і стварэньнем рэгіянальных структур і сёньня заклікаем усіх далучацца да аргкамітэту. У нас ужо ёсьць працоўныя групы. Мы не адмаўляемся ад намеру правесьці ўстаноўчы сход, у якім на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі мусяць удзельнічаць ня менш за 1000 чалавек. Мы лічым, што стварэньне партыі — гэта, з аднаго боку, падрыхтоўка людзей да выбараў, калі б яны ні адбыліся, а таксама падтрымка тых, хто хоча заставацца актыўным і працягвае дзейнічаць нават у гэтых умовах», — гаворыць палітык.
У інтэрнэце ўжо ёсьць сайт партыі; штодня, паводле Дзьмітрыева, праходзяць онлайн-нарады і сустрэчы партыі, рэгіянальныя спатканьні. У інстаграме каманда Дзьмітрыева робіць штотыднёвыя справаздачы, па пятніцах праводзяць нефармальныя олайн-сустрэчы «Наша кухня».
Аднак у сувязі з сытуацыяй у краіне не пра ўсю дзейнасьць каманда паведамляе публічна, кажа Дзьмітрыеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вуліцы недастаткова». Навошта Андрэй Дзьмітрыеў стварае новую партыю