Рэдакцыя «Лидер-Пресс» працавала ў Салігорску 28 гадоў, аднак цяпер прыпыніць існаваньне.
«Так адбываецца, што любы матэрыял, які праўдзіва асьвятляе падзеі ў рэгіёне ці краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі наступствамі. У такой сытуацыі мы ня можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасьць рэдакцыі», — напісана ў выданьні.
Раніцай 10 чэрвеня сілавікі правялі ператрус у кватэры ўладальнікаў салігорскага мэдыя Ўфімцавых, а таксама ў рэдакцыі. З супрацоўнікаў рэдакцыі, сына і нявесткі Ўфімцавых, у міліцыі ўзялі падпіску аб невыдаваньні.
У канцы сакавіка рэдакцыя прыпыніла выхад друкаванай вэрсіі выданьня на 6 месяцаў, спаслаўшыся на эканамічныя прычыны. Раней штотыднёвы наклад газэты мог складаць каля 18 тысяч асобнікаў і меў значны прыбытак. Пасьля выданьне засталося ў інтэрнэце, але з кастрычніка перастане працаваць наогул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лунінецкае выданьне «Информ-прогулка» аштрафавалі за шкоду нацыянальным інтарэсам. У чым шкода, не сказаліСпыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў
У 2020-2021 гг. перастаў выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская», «Народная воля», «Брестская газета», «Новы час», «Рэгіянальная газета», «Информ-прогулка».
Усе названыя выданьні цяпер працуюць выключна ў сеціве, у некаторых зь іх прайшлі ператрусы ў рэдакцыях і ў супрацоўнікаў, некаторыя былі аштрафаваныя.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад прыцэлам Лукашэнкі». У Варшаве прэзэнтавалі кнігу пра рэпрэсаваных беларускіх журналістаў. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйдзе час, і дзяржаўныя СМІ масава «перафарбуюцца». Вялікая размова з галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам