Пра гэта Лукашэнка заявіў 23 верасьня, падчас размовы міністрам прамысловасьці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым.
«Мы проста ня маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэньняў для мінімізацыі ўзьдзеяньня санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсьць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць „калектыўны Захад“ аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысьці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды», — заявіў Лукашэнка.
«Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым ня менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта ня проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэта людзі, якія сьвядома за грошы спэцслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта зьвярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі», — заявіў Лукашэнка.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», за папярэднія дні затрымалі 15 людзей, зьвязаных з рабочым рухам:
- Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка, зьмешчаная ў СІЗА КДБ;
- Мацьвей Ведзянееў, БМЗ;
- Аляксандар Гашнікаў, БМЗ, зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
- Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка, зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
- Уладзімер Жураўка, «Гродна Азот»;
- Сьвятлана Зыль, былая працаўніца БМЗ;
- Дзьмітры Ільюшчанка, «Гродна Азот»;
- Дзьмітры Коблік, кранаўшчык стрыжневага ўчастку МТЗ (затрымалі 16 верасьня);
- Андрэй Пагярыла, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
- Арцём Рубан, «Гродна Азот»;
- Рыгор Рубан, «Гродна Азот»;
- Аляксей Сідар, машыніст цэху «Карбамід-2» на «Гродна Азоце»;
- Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»;
- Сяргей Шэлест, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ;
- Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот».
Акрамя таго, 21 верасьня ў Наваполацку прайшоў ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Цяпер яна пад падпіскай аб невыдаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйк павінен пачацца восеньню. Ён можа стаць пачаткам пляну «Перамога», — ДылеўскіСанкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША