Сілавікі за два дні затрымалі сама меней 12 рабочых — удзельнікаў страйку

Адзін з затрыманых — Валянцін Цераневіч

У Беларусі працягваюцца затрыманьні рабочых, якія заяўлялі пра страйк.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» называе наступныя прозьвішчы затрыманых:

  • Сяргей Шэлест, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ
  • Андрэй Пагярыла, «Гродна Азот», зьмешчаны ў СІЗА КДБ
  • Уладзімер Жураўка, «Гродна Азот»
  • Ірына Мацкевіч, дзяўчына Ўладзімера Жураўкі
  • Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»
  • Рыгор Рубан, «Гродна Азот»
  • Дзьмітры Ільюшчанка, «Гродна Азот»
  • Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот»
  • Аляксандар Гашнікаў, БМЗ, зьмешчаны ў СІЗА КДБ
  • Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка, зьмешчаная ў СІЗА КДБ
  • Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка, зьмешчаны ў СІЗА КДБ
  • Аляксей Сідар, машыніст цэху «Карбамід-2» на «Гродна Азоце»

Першапачаткова зьявілася інфармацыя, што былы «азотавец» з цэху «Аміяк-3» Сяргей Шэлест пасьпеў зьехаць за мяжу, аднак потым яго знайшлі ў «амэрыканцы». Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, у чым вінавацяць затрыманых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба настройвацца, што два тыдні ня будзем працаваць». Актывісты «Рабочага руху» — пра агульнанацыянальны страйк

21 верасьня ў Наваполацку прайшоў ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў відэзапісах з заклікамі да страйку.

Пасьля гэтага сілавікі прыйшлі ў офіс Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» і ў аддзел маркетынгу прадпрыемства, затрымалі аднаго супрацоўніка.

Сама Вольга Брыцікава на волі пад падпіскай аб невыдаваньні.

Раней лідэр Беларускага аб’яднаньня рабочых Сяргей Дылеўскі абвясьціў у Беларусі перадстрайкавую сытуацыю. У інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што страйк можа стаць пачаткам пляну «Перамога», пра падрыхтоўку якога раней абвясьцілі былыя сілавікі з ініцыятывы ByPol.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйк павінен пачацца восеньню. Ён можа стаць пачаткам пляну «Перамога», — Дылеўскі