Беларусы абмяркоўваюць сьпісы «пільных грамадзян», якія летась паведамлялі ў міліцыю пра бел-чырвона-белыя сьцягі. І ня толькі. З адной царквы ў міліцыю паведамілі, што ля плота нехта паставіў лямпадкі (пасьля забойства Рамана Бандарэнкі). Парафіянка касьцёла паскардзілася ў міліцыю, што ксёндз «няправільна» прапаведуе.
Некаторыя даносчыкі скардзіліся на жонак, унукаў, дзяцей.
Свабода пагутарыла з ахвярамі даносаў.
Сярод паведамленьняў «пільных грамадзян» ёсьць такое: «Каля каменя, дзе закладзены парк, знаходзяцца чацьвёра мужчын і дзьве жанчыны. Мяркую, нешта клеяць ці робяць манумэнт Бандарэнку». Паведамленьне ў міліцыю паступіла 15 лістапада 2020 году. Якраз у гэты дзень па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
«Мы хацелі ўшанаваць памяць Рамана»
Жыхары Гомля таксама не засталіся абыякавымі. «У той дзень мы зь сябрамі былі ўзрушаныя забойствам Рамана. Хацелі нейкім чынам ушанаваць яго памяць. Дамовіліся сабрацца вечарам, таемна, толькі з блізкімі сябрамі. Было цёмна, толькі заўважылі, што недзе непадалёк гуляла кабета з сабачкам. Не надалі гэтаму ўвагі. Але ў хуткім часе — ды некалькі хвілін прайшло! — на нас напаў АМАП! Ніколі я так хутка ня бегала па перасечанай мясцовасьці!» — расказала Свабодзе Аксана (імя зьмененае ў інтарэсах бясьпекі).
Удзельнікі «партызанскай акцыі» пасьпелі ўцячы ад АМАП, апрача адной дзяўчыны. Яе затрымалі, але адпусьцілі пасьля апытаньня, бо дзяўчына ня мела атрыбутыкі ці нечага «крамольнага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крычаць за справядлівае жыцьцё». Што мы прачыталі на «мапе даносаў» ад кібэрпартызанаў«Наша прозьвішча на слыху ў Гомлі»
Людзі, якіх «здала» пэнсіянэрка, жывуць у доме побач зь ёю.
Свабода патэлефанавала жанчыне, якая скардзілася ў міліцыю. Яна пэнсіянэрка.
«Наша прозьвішча на слыху ў Гомлі. Я нічога ня ведаю, нічога ня буду вам казаць, і навошта мне вам даваць справаздачу. Хай разьбіраюцца, хто там хоча», — адказала жыхарка Гомля Ала.
16 жніўня 2020 году яна ўдзельнічала ў гомельскім мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Пэнсіянэрка выказвалася, што прыйшла на мітынг на «покліч душы». «Я прачытала праграму, якую прапануе апазыцыя — і жахнулася. У 90-я я была вымушана зьмяніць прэстыжную працу на тую, за якую мала плацяць, як магла, караскалася ў гэтым жыцьці, атрымала пэнсію і да некаторага часу з упэўненасьцю глядзела ў заўтрашні дзень. А цяпер мушу аддаць усё таму, хто палец аб палец ня ўдарыў дзеля разьвіцьця краіны?» — казала ў камэнтары дзяржаўнаму СМІ пэнсіянэрка.
Яна сьцьвярджала, што многія яе суседзі хочуць падтрымаць дзейнага прэзыдэнта, але баяцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускае грамадзтва прасякнутае нянавісьцю». Гісторык Фрыдман пра рэакцыю на сьпіс «пільных грамадзян»«Ксёндз-паляк прапагандаваў за чырвона-белых»
Яшчэ адно паведамленьне ў гомельскую міліцыю было са скаргай на каталіцкага сьвятара. 23 жніўня, у нядзелю, на службах у беларускіх касьцёлах зачытвалі зварот тагачаснага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Ён заклікаў спыніць гвалт, распачаць дыялёг. У час імшы пад гомельскім касьцёлам праходзіла акцыя «Мы за Бацьку!». Удзельнікі мітынгу голасна крычалі пад касьцёлам.
У той жа час адна з наведвальніц касьцёла паскардзілася ў міліцыю. «На службе ў касьцёле ксёндз, паляк (насамрэч беларус. — РС) прапагандаваў за бела-чырвоных, зачытваў паперы ад Тадэвуша Касьцюшкі (насамрэч Кандрусевіча. — РС), называў дзейную ўладу дыктатарам, падтрымліваў тых, каго затрымлівалі».
Свабода знайшла жыхарку Гомля, якая тэлефанавала ў міліцыю. Ёй 55 гадоў, працуе ў садку. У сацыяльных сетках зьмяшчае здымкі з чырвона-зялёным сьцягам. Але яе мабільны тэлефон так і не адказаў.
«Мае суседзі ўбачылі і выказаліся, што гэта сьвінства!»
Са Свабодай зьвязалася жыхарка Менску, якая стала ахвярай пільнай суседкі. Яны жывуць у адным доме.
«На мапе кібэрпартызанаў пазначана кватэра — і тых людзей, і мая. Я ведаю, што там жыве бабулька, якая хваліцца, што шмат гадоў працавала ў КДБ. Але я ня пэўная, што тэлефанавала яна. Можа, яе сваякі з той жа кватэры. Сутнасьць у тым, што яшчэ ў ліпені я зьбірала ў сваім доме подпісы, каб стаць незалежнай назіральніцай. Гледзячы па зьлівах кібэрпартызанаў, з кватэры суседзяў на мяне тэлефанавалі ў міліцыю 13 жніўня. Тады я дакладна ніякіх подпісаў не зьбірала. Можа, у ліпені яны чакалі, што раптам зьменіцца ўлада, і баяліся, а потым у жніўні вырашылі патэлефанаваць?» — кажа жыхарка сталіцы.
У даносе было напісана: «У гэтай кватэры жыве жанчына, якая ходзіць па кватэрах, зьбірае подпісы за Ціханоўскую, агітуе супраць прэзыдэнта».
«Я не зьбірала подпісы за Ціханоўскую, а толькі каб мяне вылучылі назіральніцай. Нікога не агітавала. Быў такі момант: 9 жніўня, пасьля выбараў, я вярталася з участку, і гэтая бабуля крычала на мяне з вакна ў такім пляне, што „гэта вы ва ўсім вінаватыя, вы хочаце вайну, вы хочаце разбурыць краіну!“. Я тады асабліва не зьвярнула на яе ўвагі — бо ў нас трапляюцца дзіўныя людзі. Калі я ўбачыла цяпер і свой, і іх адрас на мапе кібэрпартызанаў, то зьдзівілася. У чаце дому суседзі абураліся. Маўляў, ну гэта сьвінства — тэлефанаваць у міліцыю толькі за тое, што чалавек зьбіраў подпісы!» — кажа жыхарка Менску.
У верасьні да яе ў кватэру грукалася міліцыя. «Але я не адчыніла ім, быў там нейкі малады міліцыянт. Больш не прыходзілі. Цяпер разумею, што гэты візыт мог быць зьвязаны са скаргай суседкі на мяне», — дадала жыхарка сталіцы.