Раніцай 19 верасьня ў Гібах на Падляшшы (недалёка ад стыку межаў Польшчы, Літвы і Беларусі) знайшлі ўцекача, які, паводле папярэдняй інфармацыі, памёр ад пераахаладжэньня. Ягоных спадарожнікаў даставілі ў шпіталь. Пазьней польская памежная служба паведаміла пра 3 трупы, знойдзеныя на мяжы.
Вядома, што загінулыя — грамадзяне Іраку, Камэруну і Конга.
У мігранцкіх суполках пішуць імя адной з ахвяраў — гэта Ахмэд Хамэд аль-Дабаві з гораду Наджаф. Паводле адной з вэрсій, апублікаваных у чатах і знойдзенай Reform.by, ён памёр не ад пераахаладжэньня, а нібыта пасьля нападу, у выніку якога іракца абрабавалі і забілі.
Памежны камітэт Беларусі ў той жа дзень паведаміў, што каля беларуска-польскай мяжы знайшлі труп 39-гадовай жанчыны — грамадзянкі Іраку. Цела знайшлі без абутку. Першапачатковая вэрсія сьмерці — пераахаладжэньне.
Беларускія памежнікі паведамілі пра сьведкаў здарэньня:
«Побач з целам знаходзіліся трое дзяцей ва ўзросьце ад 7 да 15 гадоў, а таксама мужчына і пажылая жанчына. Цяпер яны даюць тлумачэньні па факце, які адбыўся, пры садзейнічаньні перакладчыкаў».
Беларускія памежнікі сьцьвярджаюць, што яны ўжо распавялі аб тым, што нібыта польскія сілавікі пад пагрозай прымяненьня зброі прымусілі іх пешшу дайсьці да мяжы, а затым перасекчы яе лінію.
Паводле Памежнага камітэту Беларусі, на месца прыбыла сьледча-апэратыўная група, на месца здарэньня запрасілі прадстаўнікоў Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы: Мігранцкі крызіс – гэта сцэнар, напісаны ў Менску і МасквеКамэндант Памежнай варты Польшчы Тадэвуш Прага на прэс-канфэрэнцыі 20 верасьня выказаўся пра памерлую жанчыну на мяжы.
«Учора наш патруль заўважыў на беларускім баку групу мігрантаў і жанчыну, якая ляжала побач. Мы апавясьцілі беларускі бок, але беларусы не адрэагавалі. Мы паспрабавалі яшчэ раз: першы патруль зьявіўся толькі празь некалькі гадзін, але праігнараваў сытуацыю. Толькі пазьней на гэта месца быў накіраваны патруль, і жанчына была прызнана мёртвай. Ці гэта зьбег абставін, што гэта ўсё адбылося ўчора? Адказу трэба пачакаць».
Таксама ў нядзелю польскія памежнікі ўратавалі з балота групу мігрантаў з 8 чалавек. На месца здарэньня прыбыў нават службовы вэрталёт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля беларуска-польскай мяжы знайшлі некалькі трупаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі выцягнулі з балота 8 мігрантаў