Грамадзянка Швайцарыі Натальля Хершэ ўжо год знаходзіцца ў зьняволеньні. 19 верасьня 2020 году яе затрымалі на жаночым маршы ў Менску, а ў сьнежні прысудзілі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за сарваную з супрацоўніка АМАПу балаклаву.
Турэмны тэрмін ураджэнка Воршы адбывае ў папраўчай калёніі ў Гомлі. Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян за апошнія чатары месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысьцю для цела і розуму.
За час зьняволеньня Хершэ пасьпела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічыць сябе невінаватай». Натальлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць прашэньне аб памілаваньніЗ атрыманага ў верасьні ліста Генадзь Касьян зрабіў выснову аб тым, што ў ПКТ Натальлю не займаюць працай, і ў яе ёсьць больш вольнага часу для самаадукацыі. Падчас паўгадзінных прагулак яна займаецца спортам. Піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў калёніі і просіць брата даведацца пра тое, што адбываецца зь яе заявамі.
Вядома, што Натальлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетныя маці, журналісткі, пэнсіянэркі: жанчыны ў няволі, зь якімі нібыта «не ваюе» Лукашэнка