Паводле рэйтынгу букмэкераў, апублікаванага сайтам nicerodds, Сьвятлана Ціханоўская займае 4-ю пазыцыю ў сьпісе найбольш імаверных ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.
Перад ёю —
- Сусьветная арганізацыя здароўя,
- расейскі палітык Аляксей Навальны,
- экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг.
Сьвятлану Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міру вылучыў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Пра гэта стала вядома 30 студзеня.
«Гэта неймаверны гонар, і я дзякую Літве за ўсю падтрымку, якую яна аказвае беларусам. Бо вылучэньне — гэта не мая заслуга, гэта дасягненьне народу Беларусі, чыім мірным пратэстам захапляюцца мільёны людзей у розных краінах», — сказала тады Сьвятлана Ціханоўская.
Дасюль толькі адзін беларус атрымліваў Нобэлеўскую прэмію — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якой у 2015 годзе ўручылі прэмію ў літаратуры. Але таксама атрымлівалі Нобэля чатыры ўраджэнцы Беларусі як грамадзяне іншых краінаў.
Сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру намінавалі 234 асобы і 95 арганізацыяў. Ляўрэата афіцыйна абвесьцяць 8 кастрычніка.
Летась Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Ўсясьветнай харчовай праграме ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўская ляўрэатка Вольга Такарчук: «Я бясконца захапляюся дзясяткамі тысяч беларускіх жанчын, якія пратэстуюць» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марыла ўсё жыцьцё». Год Сьвятланы Ціханоўскай