Саўка ды Грышка пра «дзень народнага адзінства»

Героі Лявона Вольскага спрачаюцца пра дату 17 верасьня 1939 году і пра тое, што цяпер аб'ядноўвае беларусаў.

Саўка:
Празднуй ядзінства народнага дзень —
Красна-зялёнае ўсё адзень!

Грышка:
Нас зацягнулі ў СМЕРШ і ГУЛАГ.
Як вы гаворыце, “всех вам благ”.

Саўка:
Мы ўсе ядзіныя,
Непабядзімыя.
Адзін народ, адна страна…

Грышка:
Наш край падзелены
На чырвань зь зеленьню
І бел-чырвона-белых нас.

Саўка:
Празднуй ядзінства народнае, край,
Флаг гасударсьцьвенны паднімай!

Грышка:
Сталін і Гітлер гулялі ў гульню.
Мы ў ёй дасталіся Сталіну.

Саўка:
Слушайце гімн і сматрыце на герб!
Вас ажыдает бальшой канцэрт.

Грышка:
Сталін і Гітлер дзялілі Зямлю
І зацягнулі на нас пятлю.

Што такое «Дзень народнага адзінства» ў Беларусі

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».