У судзе Маскоўскага раёну Менску 17 верасьня агучылі прысуд ютуб-блогеру Руслану Ліньніку. Да суду яго 7 месяцаў трымалі ў СІЗА, паведаміла «Вясна».
Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- паклёп на прэзыдэнта (ч. 1 і ч. 2 арт. 367),
- абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368),
- абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369),
- паклёп (арт. 188).
Абразы і паклёпы нібыта зьмяшчаліся ў аўтарскіх відэароліках Руслана Ліньніка на ягоным YouTube-канале, які мае 80 тысяч чалавек падпісантаў. Палітвязьню пагражала да 6 гадоў зьняволеньня.
Судзьдзя Юры Машкетаў пакараў Руслана Ліньніка 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Пракурорам у судзе выступаў Яўген Серакоў.
Паводле сьледзтва, Руслан Ліньнік ад 17 траўня да 9 сьнежня 2020 году распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама лжывую інфармацыю, публічна абразіў прэзыдэнта і высокапастаўленых прадстаўнікоў улады».
У пераліку «абражаных» фігуруюць ужо экс-старшыня КДБ Валеры Вакульчык, былы міністар унутраных спраў Юры Караеў і ягоны намесьнік Генадзь Казакевіч, міністар абароны Віктар Хрэнін.
«Беларусьсю кіруе злачынная супольнасьць, і старшыня КДБ Вакульчык зьяўляецца незаконным саўдзельнікам захопу і ўтрыманьня ўлады», — цытавала абвінавачаньне відэаролік, прысьвечаны былому кіраўніку КДБ Валеру Вакульчыку. Інкрымінавалі блогеру і выказваньне ў адносінах да Лукашэнкі ў відэа пад назвай «Саша едет по стране, а мы по-прежнему в ***».
«Лукашэнка з ганарлівым тварам спрабуе даказаць, што ён малайчына, аднак усю сваю кар’еру трэпле языком, вывяргаючы слоўны ***».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Ліньніка судзяць за «абразу» Вакульчыка, Караева, Лукашэнкі і ХрэнінаНа судзе Руслан Ліньнік не прызнаў віны па ўсіх агучаных артыкулах і адмовіўся даваць паказаньні.
У апошнім слове ён заявіў пра ціск сілавікоў.
«22 лютага супрацоўнікі бяз форменнага адзеньня, твары былі ў балаклавах, пачалі аказваць псыхалягічнае і фізычнае ўзьдзеяньне, каб даведацца адрас кватэры. Пасьля працэсуальнага маўчаньня на мяне былі надзетыя кайданкі, і ўсё працягнулася з новай сілай і паводле новага сцэнару», — сказаў Руслан Ліньнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выпадкова ня вырас новы Ціханоўскі». Што вядома пра затрыманага блогера Руслана Ліньніка?