«Пан Бог кліча мяне да новага служэньня ў сталіцы нашай дзяржавы ў самым цэнтры Эўропы, у Касьцёле з багатай і слаўнай гісторыяй, якую пісалі яго духавенства і вернікі, дастойныя папярэднікі на катэдры Менску і Магілёва, у тым ліку Сьведка веры нашага часу сьвятой памяці кардынал Казімір Сьвёнтэк. Усё гэта вельмі абавязвае і ўскладае вялікую адказнасьць, што, трэба прызнацца, на нейкі час нават спалохала мяне», — цытуе заварот архібіскупа Станеўскага партал catholic.by.
Архібіскуп дадаў, што адчувае ў прызначэньні асаблівы клопат папы Францішка пра сям’ю каталіцкага касьцёла Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Год сям’і, які мы цяпер праходзім, і «давер да маёй сьціплай асобы ў Год сьвятога Юзафа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён заўсёды быў у цені». Хто такі архібіскуп Юзаф Станеўскі, якога папа Рымскі прызначыў мітрапалітам«Дарагія браты і сёстры, зьвяртаюся да вас з заклікам і просьбай прыняць мяне, бо я — „Юзаф, брат ваш“», — цытуючы словы са Сьвятога Пісаньня, сказаў мітрапаліт Станеўскі.
Ён папрасіў маліцца за папу Францішка, біскупаў і духавенства, вернікаў архідыяцэзіі.
«За нашу краіну і наш народ, каб мы сапраўды маглі выканаць жаданьне нашага Збаўцы Езуса Хрыста, аб чым Ён так горача прасіў Нябеснага Айца падчас апошняй вячэры: „Каб усе былі адно“», — гаворыцца ў звароце мітрапаліта Юзафа Станеўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі