Мігранцкі крызіс. Эўразьвяз будзе супрацьстаяць «гібрыднай атацы» зь Беларусі

Урсуля фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen), архіўнае фота

Дзеяньні Менску — гэта «гібрыдная атака», мэта якой — дэстабілізацыя Эўразьвязу, заявіла старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен. «Гэтага нельга трываць», — цытуе яе словы DW.

Эўразьвяз гатовы супрацьстаяць «гібрыднай атацы», для якой беларускія ўлады задзейнічаюць мігрантаў. Такую заяву зрабіла ў сераду 15 верасьня кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падчас свайго штогадовага звароту да Эўрапарлямэнту.

«Рэжым у Менску выкарыстоўвае чалавечыя жыцьці як інструмэнт для дасягненьня сваіх мэтаў. Яны пасадзілі гэтых людзей на самалёты і ў літаральным сэнсе выштурхнулі да межаў ЭЗ. Гэтага нельга трываць, і хуткая рэакцыя з боку Эўропы гэта паказала», — сказала яна.

Паводле кіраўніцы Эўракамісіі, дзеяньні Менску скіраваныя на дэстабілізацыю Эўразьвязу.

«Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: гэта гібрыдная атака, якая мае на мэце дэстабілізаваць Эўропу. Мы ня станем трываць гэтага ніколі», — падкрэсьліла яна.

Урсуля фон дэр Ляен таксама адзначыла, што Брусэль і надалей будзе дапамагаць Літве, Латвіі і Польшчы, якія сутыкнуліся з масавай міграцыяй зь Беларусі.

Разам з тым кіраўніца Эўракамісіі адзначыла адсутнасьць адзінства ў Эўразьвязе ў пытаньні стаўленьня да ўцекачоў. Менавіта гэтыя рознагалосьсі зрабілі Эўразьвяз уразьлівым для шантажу, ад якога выйграюць палітычныя канкурэнты ЭЗ і злачынцы, якія займаюцца кантрабандай людзей, заявіла Ўрсуля фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва разгледзела больш за паўтысячы прашэньняў аб прытулку. Усім мігрантам адмовілі

14 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 230 спробаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 4 мігрантаў затрымалі, астатніх завярнулі. Латвійскія памежнікі спынілі 15 спробаў. Літоўскія — каля дзесяці, 5 мігрантаў без дакумэнтаў затрымалі за 270 мэтраў ад беларускай мяжы.

Паводле адвакаткі Асты Астраўскене, гэта акурат тая група мігрантаў, якую раней Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Літве выдвараць у Беларусь, паведаміў Delfi з спасылкай на BNS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Літве выдвараць 5 мігрантаў, што захрасьлі на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Байдэна асудзіў «арганізацыю рэжымам Лукашэнкі патокаў нелегальных мігрантаў празь межы краіны»