Пра гэта паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал палітыка са спасылкай на ягоных адвакатаў.
Паведамляецца, што ўвесь жнівень Бабарыка па шэсьць дзён на тыдзень працаваў качагарам у пякарні папраўчай калёніі № 1. За гэты час ён зарабіў 6 рублёў 41 капейку (пасьля ўсіх вылічэньняў ён у выніку атрымаў 1 рубель 60 капеек).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч ужо адседзеў столькі ж, колькі Салжаніцын. Параўноўваем тэрміны беларускіх палітвязьняў і сусьветна вядомых дысыдэнтаўНа мінулым тыдні Бабарыка нават прайшоў атэстацыю па гэтай спэцыяльнасьці. Але на наступны ж дзень яго перавялі на новую пасаду — укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Як адзначаюць адвакаты, наўрад ці можна лічыць гэта «кар’ерным ростам» — умовы працы рэзка пагоршыліся:
— ён увесь час павінен знаходзіцца ў пякарні, дзе тэмпература, нават пры выключаных печах, перавышае 30 градусаў;
— памяшканне практычна не вэнтылюецца;
— вокны адчыняць не дазваляецца (хоць яшчэ нядаўна — да пераводу туды на працу Віктара Бабарыкі — гэта дазвалялася).
Хто такі Віктар Бабарыка
- Палітык, бізнэсовец, удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году, былы старшыня «Белгазпрамбанку». Нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Менску.
- Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам» (дачкой расейскага «Газпромбанку»). Ён падтрымліваў грамадзкія праекты – культурны хаб «ОК16» у Менску, форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», міжнародны дабрачынны фонд «Шанс», выданьне кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пры спрыяньні «Белгазпрамбанку» ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы.
- 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.
- 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. Бабарыкаў затрымалі па дарозе ў выбаркам, куды яны везьлі сабраныя подпісы за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты. 20 чэрвеня Віктара Бабарыку ўзялі пад варту.
- На 19 чэрвеня колькасьць пададзеных штабам Бабарыкі ў выбаркамы подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты склала 283 000 пры неабходных 100 тысячах (паводле штабу, агульная колькасьць подпісаў складала 434 985).
- Цэнтравыбаркам адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе ліста Камітэту дзяржкантролю пра нібыта атрыманыя ім незаконныя прыбыткі.
- Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 году Віктар Бабарыка разам зь іншымі вязьнямі пабываў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля яе некаторыя з удзельнікаў выйшлі на волю.
- Судовы працэс у справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 году. У справе праходзілі Віктар Бабарыка, 6 топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг». Усе, апроч Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну, шасьцёра падчас сьледзтва падпісалі дасудовыя пагадненьні.
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Бабарыка не прызнаў віны і назваў свой перасьлед палітычным.
- Палітвязень Віктар Бабарыка 6 ліпеня 2021 году асуджаны Вярхоўным судом на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Суд таксама прысудзіў Бабарыку штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь і пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на пяць гадоў.
- Для адбыцьця пакараньня палітыка накіравалі ў калёнію №1 у Наваполацку.
- Amnesty International назвала Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку вязьнямі сумленьня. Арганізацыя лічыць, што Бабарыку, ягонага сына, сяброў каманды і былых калег затрымалі ў сфабрыкаванай эканамічнай справе, каб выключыць Бабарыку з прэзыдэнцкай гонкі.