14 верасьня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апэляцыйную скаргу «Зьвяна» на пастанову Менскага гарадзкога суду, які месяц таму пагадзіўся з папярэджаньнямі, якія вынесла «Зьвяну» Міністэрства юстыцыі. Для арганізацыі гэта азначае магчымую ліквідацыю праз рашэньне суду, які ўжо пачаўся і быў часова прыпынены.
«Рашэньне для нас цяжкае, але іншага ў сёньняшніх умовах чакаць не выпадае», — сказала пасьля працэсу ў Вярхоўным судзе кіраўніца арганізацыі Тацяна Гацура-Яворская.
Чаму і як перасьледуюць «Зьвяно»
У чэрвені Мінʼюст Беларусі вынес папярэджаньне арганізацыі «Зьвяно». Сярод выказаных 4 прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадзкая арганізацыя нібыта ня мела права на маніторынг сыстэмы аховы здароўя, у прыватнасьці, працы дзеля барацьбы з COVID-19. У выніку перамоваў адну з прэтэнзій зьнялі, але гэтая засталася і фігуравала на разглядзе скаргі «Зьвяна» Вярхоўным судом.
«Больш за ўсё пытаньняў было па маніторынгу працы сыстэмы аховы здароўя падчас COVID-19, які мы пачалі ажыцьцяўляць вясной 2020 году. Паводле прадстаўніцы Мінʼюсту, а цяпер і судзьдзяў Вярхоўнага суду, згодна з заканадаўствам Беларусі мы ня мелі права гэтым займацца. Маўляў, кантрольныя функцыі за працай па ахове здароўя належаць Мінздароўя, а мы ня толькі ня маем права ацэньваць эфэктыўнасьць тых ці іншых захадаў, але сваімі публікацыямі, аказваецца, займаемся дыскрэдытацыяй.
Іншыя дзьве прэтэнзіі таксама, паводле Вярхоўнага суду, законныя. У тым ліку тая, што мы нібыта не падалі поўнай справаздачы аб дзейнасьці і фінансаваньні. Хоць калі мы падавалі гэтую справаздачу, як трэба, да 1 сакавіка, ніякіх заўваг не было», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суду яшчэ не было, а пакараньне ўжо адбываецца». Арганізацыі, якая праводзіла выставу пра мэдыкаў, пагражае закрыцьцёКіраўніца «Зьвяна» мяркуе, што ўжо ў верасьні ў Менскім гарадзкім судзе адновіцца працэс аб ліквідацыі арганізацыі, які пачаўся ў жніўні і быў прыпынены на час разгляду апэляцыйнай скаргі. У выніку працэсу Тацяна не сумняецца.
«Якім бы ні было рашэньне па ліквідацыі, мы ў любым выпадку маем намер зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо мяркуем, што наша права на свабоду аб’яднаньня парушана. Заклікаем усіх людзей не складаць рукі і працягваць змагацца за свае правы ўсімі законнымі сродкамі», — сказала ў камэнтары для Свабоды Тацяна Гацура-Яворская.
Летась «Зьвяно» правяло маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Ня ўсе высновы, якія вынікалі з дасьледаваньня праваабаронцаў, спадабаліся чыноўнікам. Але асабліва гучным быў лёс фотавыставы, прысьвечанай беларускім мэдыкам, якія змагаліся з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужа зьняволенай праваабаронцы Тацяны Гацуры-Яворскай прымусілі зьехаць зь Беларусі. Ён ужо ва ЎкраінеКіраўніцу арганізацыі ня выпусьцілі лячыцца за мяжу
Выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не» адкрылася 30 сакавіка ў Менску ў прасторы «Месца», але ўжо праз 2 дні яе закрылі нібыта з прычыны санітарных парушэньняў. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся прадстаўленыя на выставе фотадакумэнты пра тое, з чым мэдыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году, — пра гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы проста хацелі падзякаваць лекарам». Санстанцыя і МНС дачасна прыкрылі выставу пра гераізм мэдыкаўПяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.
Паводле Тацяны Гацуры-Яворскай, крымінальная справа, у якой яна фігуруе, не закрытая, прычым ёй невядома, ці вядуцца ў гэтай справе сьледчыя дзеяньні. Жанчыне забаронены выезд за мяжу, і гэтага абмежаваньня зь яе не здымаюць нават у выпадку, калі ёсьць законныя падставы.
«Сёньня даведалася, што адхілена маё хадайніцтва аб выезьдзе за мяжу на лячэньне. Узьнікла такая патрэба, ведаю выпадкі, калі сьледчыя ў падобных сытуацыях ідуць насустрач, але мне ў гэтым чамусьці адмоўлена», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да аб’яднаньня «Зьвяно». Арганізацыя запрашае ў свае шэрагі новых сяброў