Папа Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага архібіскупам-мітрапалітам Менска-Магілёўскім. Рашэньне агучыла 13 верасня 2021-га Заля друку Сьвятога Пасаду, паведамляе Ватыканскае радыё.
У ватыканскім паведамленьні зьмяшчаецца кароткая біяграфія ярарха. Ён нарадзіўся 4 красавіка 1969 г. на тэрыторыі цяперашняй Горадзенскай дыяцэзіі. 17 чэрвеня 1995 г. атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне ў той жа дыяцэзіі і быў накіраваны ў парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску. У 1999 годзе атрымаў ліцэнзіят у кананічным праве ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце.
Далей займаў пасады выкладчыка, прэфэкта, а пасьля і рэктара Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Горадні, судьзьдзі і дапаможнага вікарыя Міждыяцэзіяльнага суду першай інстанцыі. У 2007–2013 гадах адказваў за душпастырскую фармацыю маладых сьвятароў у роднай дыяцэзіі.
29 лістапада 2013 г. Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Горадзенскай дыяцэзіі. 14 красавіка 2021 г. ён быў другі раз абраны генэральным сакратаром Канфэрэнцыі біскупаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля карыкатуры ў «Мінскай праўдзе» Макей сустрэўся з папскім нунцыемПасада каталіцкага мітрапаліта стала вакантнай у Беларусі пасьля адпраўкі на пэнсію архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
31 жніўня 2020 году беларускія памежнікі не прапусьцілі архібіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў зь мірных пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць. Яму дазволілі вярнуцца праз 4 чатыры месяцы ў выгнаньні.
3 студзеня 2021 году, у дзень, калі Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў адміністратара архідыяцэзіі — біскупа Казіміра Вялікасельца. Нягледзячы на дасягненьне ярархам гранічнага ўзросту для служэньня (75 гадоў), папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі прынамсі яшчэ 2 гады. Казімір Вялікаселец застаецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі