Кіраўнік польскай дыпляматыі Зьбігнеў Раў падчас прэс-канфэрэнцыі паведаміў, што сустрэчу прысьвяцілі пытаньням бясьпекі і супрацоўніцтва ў кантэксьце расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2021», піша polskieradio.pl. Ён адзначыў, што сытуацыя на ўсходняй мяжы Эўразьвязу і NATO па-ранейшаму напружаная, і гэта асабліва турбуе Польшчу і краіны Балтыі.
«Адсюль супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі асабліва шчыльнае і інтэнсіўнае», — сказаў Раў.
Зьбігнеў Раў падкрэсьліў, што праз сваё геаграфічнае становішча і агульную гісторыю Польшча і краіны Балтыі аднолькава глядзяць на міжнародную сытуацыю.
«Мы сутыкаемся з тымі ж выклікамі і пагрозамі, таму спроба выбудаваць на іх агульны адказ больш чым натуральная», — сказаў кіраўнік польскай дыпляматыі.
Міністар таксама выказаўся наконт важнасьці супрацоўніцтва паміж краінамі рэгіёну ў абароне зьнешніх межаў Эўразьвязу. Як ён падкрэсьліў, Польшча гатовая сутыкнуцца зь міграцыйным крызісам на ўсходняй мяжы.
«Беларускі рэжым не адмовіцца ад сваёй тактыкі, таму мы павінны быць гатовыя да яшчэ большага міграцыйнага ціску», — сказаў міністар Раў.
Ён падкрэсьліў, што Польшча абараняе ня толькі сваю дзяржаўную мяжу, але і зьнешнюю мяжу Эўразьвязу, і што яна разьлічвае на падтрымку кожнай краіны — удзельніцы Зьвязу.
Падчас сёньняшніх перамоваў у Рызе таксама было ўзьнятае пытаньне аб супрацоўніцтве і пабудове стратэгіі стрымліваньня ў рамках NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Польшчы: Эўразьвяз адрэагуе на распальваньне Беларусьсю міграцыйнага крызісу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча выступілі з сумеснай заявай наконт Беларусі і «шантажу мігрантамі»- Ад пачатку верасьня мяжу з Польшчай спрабавалі перасекчы каля 2000 чалавек, у жніўні — каля трох тысяч. 2 верасьня праз наплыў мігрантаў улады Польшчы ўвялі надзвычайнае становішча. Згодна з указам, надзвычайнае становішча закранае ўчастак польска-беларускай мяжы, а менавіта 115 паселішчаў Падляскага ваяводзтва і 68 — Люблінскага.
- Паток мігрантаў, у асноўным з Іраку і іншых краінаў Блізкага Ўсходу, якія перабіраюцца ў ЭЗ празь Беларусь, рэзка вырас летам 2021 году. Памежнікі Латвіі, Літвы і Польшчы лічаць, што да гэтага датычныя ўлады Беларусі, якія за грошы дастаўляюць уцекачоў у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а затым прывозяць іх на мяжу.
- У канцы жніўня Эўрапейскі суд правоў чалавека запатрабаваў ад Польшчы і Латвіі аказаць мігрантам дапамогу — ежай, вадой, адзеньнем, належнай мэдычнай дапамогай і, калі магчыма, часовым жытлом.