Падвойная «хімія» пэнсіянэру за абразу міліцыянтаў
Суд Партызанскага раёну Менску пакараў 65-гадовага жыхара сталіцы Сяргея Барысёнка. Паводле праваабаронцаў, яго прызналі вінаватым у абразе службовай асобы паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу.
Гэта другі прысуд мужчыну менш як за тры месяцы. Калі першы абмежаваўся 2 гадамі «хатняй хіміі», дык гэтым разам Барысёнка адправяць на 2,5 года ва ўстанову адкрытага тыпу.
Справу разглядала судзьдзя Натальля Дзядкова. Пацярпелая «службовая асоба» на працэс не прыйшла, заявіўшы матэрыяльную прэтэнзію за маральныя пакуты ў памеры 1000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахторку інтэрнату асудзілі на 1,5 года «хіміі» за абразу сяржанта міліцыіЗгодна з матэрыяламі справы, летась 13 сьнежня абвінавачаны пакінуў у суполцы «Вусаты таракан» (сацсетка «Одноклассники») пад выявай старшага інспэктара ДАІ Малахевіча паведамленьне, у якім зьмяшчаліся зьняважлівыя выказваньні. На судзе Сяргей Барысёнак сказаў, што камэнтар пакінуў таму, што ў краіне робіцца гвалт, а так быць не павінна.
Судзьдзя пастанавіла пакараць пэнсіянэра абмежаваньнем волі на 2 гады і 6 месяцаў ва ўстанове адкрытага тыпу з улікам вынесенага раней пакараньня паводле гэтага ж артыкула. Абвінавачаны мусіць выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 1000 рублёў. Акрамя таго, ягоны ноўтбук прызналі рэчавым доказам і канфіскавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны да «хіміі» лідэр гурту Gods Tower пакінуў Беларусь1 ліпеня суд Партызанскага раёну ўжо караў Сяргея Барысёнка па гэтым жа артыкуле і прысудзіў яму 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Пацярпелым тады быў участковы міліцыянт Міхаіл Жарыкаў.
Паводле абвінавачаньня, 9 сьнежня 2020 году пэнсіянэр пакінуў у адным з чатаў у «Одноклассниках» камэнтар «Мусорской хряк» пад паведамленьнем з выявай супрацоўніка міліцыі.
Магілёўца аштрафавалі за рэпост гадавой даўнасьці
Суд Магілёўскага раёну 13 верасьня аштрафаваў 28-гадовага магілёўца Юрыя Крукоўскага на 25 базавых велічынь (725 рублёў) за распаўсюд «экстрэмісцкай прадукцыі» (ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ).
Прычынай для адміністратыўнага перасьледу стаў рэпост публікацыі з фатаграфіяй, на якой намаляваны лягатып тэлеграм-каналу NEXTA, прызнанага ўладамі Беларусі экстрэмісцкім. Перапост быў зроблены каля году таму назад. Малады чалавек працуе ў Польшчы, на яго склалі пратакол, як ён прыехаў у Беларусь, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.
Палітзьняволенай шматдзетнай маці прад’явілі яшчэ два абвінавачаньні
13 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе на закрытым паседжаньні разгледзелі скаргу на падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай палітзьняволенай Вольгі Залатар. Як паведамляе «Вясна», з раскладу суда стала вядома, што, акрамя арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня), яе таксама абвінавачваюць па ч. 1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя і навучаньне дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч.6 арт. 16, ч.1 арт.342 КК (пасобніцтва ў арганізацыі такіх дзеяньняў). Амаль паўгода маці пяцярых непаўналетніх дзяцей знаходзіцца за кратамі.
Вольгу затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу.
Вольгу ўжо паўгода трымаюць у СІЗА № 1 Менску, яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Нядаўна яна цяжка перахварэла на COVID-19. Вольга Залатар мае 5 дзяцей, ад 4 да 17 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетныя маці, журналісткі, пэнсіянэркі: жанчыны ў няволі, зь якімі нібыта «не ваюе» ЛукашэнкаЗатрымалі дзьвюх работніц дзяржаўных арганізацый за ўдзел у леташніх пратэстах
У Горадні затрымалі дзьвюх жанчын, якія нібыта прымалі ўдзел у маршы адзінства ў Горадні 6 верасьня 2020 году і стаялі ў «счэпцы», паведамляе прэс-служба МУС. Жанчыны працавалі ў дзяржаўных арганізацыях, адной зь іх 34 гады, другой – 52. На іх завялі крымінальную справу за «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Як раней паведамляла «Вясна», пасьля вобшуку ў вёсцы Зарыца каля Горадні затрымалі Валянціну Будрэвіч за ўдзел у пратэстах 2020 году. У Горадні ўжо асудзілі некалькі груп людзей у «справе аб счэпцы» за падзеі 6 верасьня 2020 году.