У Празе затрымалі расейца, узнагароджанага мэдалём «За вяртаньне Крыму»

Грамадзянін Расеі Аляксандр Франчэці быў затрыманы ў аэрапорце Прагі паводле міжнароднага ордэру на арышт, выдадзенага на просьбу Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на амбасаду Расеі ў Чэхіі.

«Чэская паліцыя пацьвердзіла нам факт затрыманьня ў праскім аэрапорце грамадзяніна Расеі Аляксандра Франчэці. У цяперашні час прадстаўнік консульскага аддзелу амбасады Расеі накіроўваецца да месца зьняволеньня для аказаньня неабходнай консульскай дапамогі. Расейскія дыпляматы кантактуюць з прадстаўнікамі чэскіх уладаў і сваякамі затрыманага», — сказаў ТАСС прэс-сакратар дыпляматычнай місіі Расеі ў Празе.

Чэская паліцыя афіцыйна не абвяшчала аб затрыманьні Франчэці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі чэх за два дні атрымаў 20-гадовы тэрмін за ўдзел у вайне на Данбасе

Як паведамляецца на сайце «Міратворац», у 2014 годзе Франчэці прыехаў у Крым, далучыўся да незаконнага ўзброенага фармаваньня «Самаабарона Севастопалю», а затым арганізаваў выведгрупу «Паўночны вецер». Франчэці ўзнагароджаны мэдалём «За вяртаньне Крыму».

Radio Prague паведамляла, што Франчэцці — трэнэр фітнэсу і прадпрымальнік, працуе ў Чэхіі з 1990-х гадоў і мае права на пастаяннае месца жыхарства ў Чэхіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі чэх за два дні атрымаў 20-гадовы тэрмін за ўдзел у вайне на Данбасе