COVID-19: Беларускія мэдыкі чакаюць уздыму захворваньня, у Даніі прышчэпленыя 83%

Вакцынацыя ў Баўгарыі

Паводле стану на 11 верасьня 2021 году, колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 224 мільёнаў чалавек. Ахвярамі сталі 4,634 тысячы чалавек, паправіліся 201,443 тыс.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 11 верасьня захварэлі 501 166 чалавек, адужалі — 491 410, памерлі — 3905.

На думку незалежных экспэртаў, афіцыйная статыстыка ў Беларусі, асабліва што да колькасьці сьмяротных выпадкаў, істотна заніжаная ў параўнаньні з рэальнай сытуацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надмерная сьмяротнасьць — 32 тысячы чалавек. Улады Беларусі ў шмат разоў заніжаюць статыстыку падчас эпідэміі каранавірусу — дадзеныя ўцечкі

Адным сказам

  • Беларускія мэдыкі чакаюць уздыму захворваньня на каранавірус, пра гэта заявіла першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
  • У кіраўніцтве ЭЗ заявілі аб дасягненьні пастаўленай раней мэты цалкам вакцынаваць ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 да канца лета 70% дарослага насельніцтва.
  • Улады Даніі адмянілі зь пятніцы, 10 верасьня, усе абмежаваньні, уведзеныя імі ў сувязі з каранавірусам, паколькі там прышчапіліся 83% і цяпер COVID-19 ня лічыцца ў гэтай краіне «захворваньнем, крытычным для грамадзтва».
  • Славаччына спыніла прышчэпкі расейскай вакцынай «Спутник V».
  • Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках ня можа назваць дату ўхвалы ў ЭЗ расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» і кітайскага прэпарата Sinovac.
  • Паўднёваафрыканскія навукоўцы выявілі новы варыянт каранавірусу са шматлікімі мутацыямі, але пакуль ня высьветлілі, ці ён здольны пераадолець імунітэт, які забясьпечваюць для арганізму вакцыны або перанесеная хвароба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея здыме каранавірусныя абмежаваньні на авіяпералёты зь Беларусьсю


Першая краіна ў сьвеце пачала вакцынацыю дзяцей ад двух гадоў

Вакцына Soberana-02

Куба стала першай у сьвеце краінай, якая распачала вакцынацыю дзяцей ад двух гадоў. Для прышчэпак выкарыстоўваюцца мясцовыя прэпараты Abdala і Soberana. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя іх пакуль не прызнала.

Праз пандэмію на Кубе школы практычна не адкрываліся з сакавіка 2020 году. Новы навучальны год пачаўся ў краіне 6 верасьня. Выкладаньне вядзецца праз тэлебачаньне, бо ў большасьці сем’яў няма доступу ў інтэрнэт.

Кубінскія ўлады чакаюць, што школы будуць адчыняцца пакрокава з кастрычніка, калі да гэтага часу ўсе дзеці і падлеткі будуць вакцынаваныя.

Куба ня стала ані закупляць імпартныя вакцыны, ані ўдзельнічаць у праграме дапамогі COVAX, у рамках якой бедныя краіны могуць атрымаць прэпараты для барацьбы з каранавірусам. Вакцына Abdala, паводле дадзеных кубінскіх распрацоўшчыкаў, пры выпрабаваньнях паказала эфэктыўнасьць больш за 92 адсоткі, прэпарат Soberana — 62 адсоткі.

У апошнія месяцы на Кубе назіраецца ўсплёск захворваньня на каранавірус. З 5700 сьмерцяў ад COVID-19 прыкладна палова здарылася ў мінулым жніўні. Ад пачатку пандэміі ў краіне выяўлена больш за 650 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам, зь іх 95 тысяч прыпадае на дзяцей і падлеткаў.

У большасьці краін сьвету вакцынацыя ўхваленая для дзяцей з 12 гадоў. Раней аб плянах рабіць прышчэпкі ад COVID-19 малым дзецям паведамлялі Кітай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Вэнэсуэла. У Чылі 6 верасьня кітайскі прэпарат Sinovac ухвалілі для вакцынацыі дзяцей ад шасьці гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рагачоўская анамалія? У райцэнтры дыягназ «каранавірусная інфэкцыя» паставілі 30% жыхароў, тады як у Беларусі — 5%
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрозьніваецца афіцыйная сьмяротнасьць ад COVID-19 у Расеі і Беларусі