МВФ пачынае «віртуальную місію» для дадатковага вывучэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі

Місія пачынаецца «на тле занепакоенасьці» траншам у 923 млн даляраў, які Міжнародны валютны фонд выдзеліў Беларусі ў жніўні.

Як паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка МВФ, місія зьяўляецца часткай мандату фонду па маніторынгу эканомікі і мае на мэце збор дадатковай інфармацыі аб эканамічных падзеях у Беларусі, а таксама рэакцыі ўладаў на пандэмію. Маніторынг пачнецца 13 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала кіраўніка МВФ і міністра фінансаў ЗША заблякаваць рэжыму доступ да сродкаў МВФ
  • У канцы жніўня выканаўчая дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева абвясьціла пра найбуйнейшыя ў гісторыі Спэцыяльныя правы запазычаньня (СПЗ) з боку МВФ.
  • Агулам іх сума складзе каля 650 мільярдаў даляраў. Нягледзячы на пратэсты апазыцыі, Беларусь мае атрымаць правы больш як на 900 мільёнаў даляраў паводле цяперашняй цаны СПЗ. Гэта рэзэрвовы і плацежны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.
  • СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-чальцоў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.
  • МВФ не дыктуе, на што можна выдаткоўваць гэтыя грошы. Атрыманыя сродкі аўтаматычна трапляюць у золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР).
  • Атрыманыя ад МВФ грошы — гэта не крэдыт, вяртаць іх ня трэба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яна пікетавала МВФ. Хто такая Марыя Забара, якую называюць беларускім голасам Амэрыкі. Відэа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-супрацоўнік МВФ пра тое, ці можна заблякаваць $900 мільёнаў для ўладаў Беларусі