Адразу ў некалькіх раёнах кожнай з абласьцей Беларусі з пачатку 2021 году зафіксавалі выпадкі афрыканскай чумы сьвіней — усяго па краіне 89 выпадкаў АЧС сярод дзікоў і 52 успышкі захворваньня сьвіней на прыватных падворках, у 8 гаспадарках. Гэта вынікае з дакумэнту Міністэрства сельскай гаспадаркі «для службовага карыстаньня», які апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом».
У паперы таксама згадваюцца 7 успышак птушынага грыпу на розных гаспадарках і 85 выпадкаў хваробы Ньюкасла (птушынай «псэўдачумы»).
Падчас наведваньня вэтэрынарным і харчовым наглядам сьвінагадоўчых комплексаў спэцыялісты выявілі грубыя парушэньні, якія тычацца ўмоваў як для жывёлаў, так і для супрацоўнікаў. За праверанымі аб’ектамі замацавалі інспэктараў і спэцыялістаў. На аб’ектах, пішуць у дакумэнце, па-ранейшаму ня робіцца вычарпальных захадаў дзеля прадухіленьня афрыканскай чумы сьвіней і птушынага грыпу.
З дакумэнту таксама вынікае, што жывёлаў, якіх павінны былі б утылізаваць праз пагрозу хваробаў, пускалі на мяса, якое прадавалі як у Беларусі, так і на экспарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урадавая камісія дазволіла падняць цэны на мясаРаней беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што чумы сьвіней у Беларусі няма, хоць яе фіксавалі ў суседніх краінах. Пры гэтым, нягледзячы на непрызнаньне ўладамі існаваньня ў краіне хваробы, у беларускіх гаспадарках прымушалі забіваць сьвіней, а ў лясах практычна вынішчылі дзікоў.
На пачатку верасьня ў Беларусі рэзка вырасьлі цэны на мяса, у тым ліку на сьвініну. Адбылося гэта пасьля таго, як улады дазволілі вытворцам і гандлю да 23 верасьня падняць цэны на мяса і мясапрадукты — ня больш як на 4,9% супраць узроўню канца лютага, калі ўвялі жорсткае рэгуляваньне цэнаў. Выпадкі чумы могуць быць адной з прычынаў павышэньня цэнаў на сьвініну.
Радыё Свабода паспрабавала атрымаць камэнтар у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі. Аднак тэлефон прэсавай службы некалькі гадзін запар не адказвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэны проста ўзьляцелі». Пасьля рашэньня ўраду ў Беларусі падаражэла сьвініна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буракі і морква з пачатку году падаражэлі ўтрая. Што вырасла ў цане найбольш