Журы назвала доўгі сьпіс літаратурнай прэміі імя Гедройця

Вокладкі кніг, якія ўвайшлі ў лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Гедройця 2021 году.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся творы, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы і выдадзеныя ў 2020 годзе. Сярод прэтэндэнтаў і два аўтары Радыё Свабода, Сяргей Абламейка і Сяргей Астраўцоў.

У поўны сьпіс юбілейнага дзясятага сэзону ўвайшла 31 кніга. У доўгі сьпіс зь яго трапіла 12 кніг, паведаміў зьліквідаваны ўладамі Беларускі ПЭН-цэнтар:

  • Сяргей Абламейка. «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Менск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
  • Сяргей Астраўцоў. «Спадар Свабода». Менск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
  • Сяргей Балахонаў. «Бог каханьня Марс». Менск, Янушкевіч, 2020
  • Ева Вайтоўская. «Гарэзьлівы пацалунак». Менск, Янушкевіч, 2020
  • Ева Вежнавец. «Па што ідзеш, воўча?». Менск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
  • Валер Гапееў. «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысьцік». Менск, Электронная кнігарня, 2020
  • Сяргей Календа. «Акварыюм. Гісторыя аднаго юнацтва». Менск, Логвінаў, 2020
  • Артур Клінаў. «Локісаў». Вільня, Логвінаў, 2020
  • Алесь Паплаўскі. «Гульні з нулявымі сумамі». Менск, Галіяфы, 2020
  • Юльяна Пятрэнка. «Харунжы. Verbera Ventorum». Менск, Кнігазбор, 2020
  • Таня Скарынкіна. «Райцэнтар». Менск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
  • Андрэй Федарэнка. «Жэтон на мэтро». Менск, Мастацкая літаратура, 2020
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьліквідаваны ўладамі ПЭН-цэнтар назваў поўны сьпіс намінантаў новай прэміі Гедройця

9 жніўня рашэньнем Вярхоўнага суду Беларускі ПЭН-цэнтар ліквідаваны. Нягледзячы на гэта, цырымонія ўганараваньня адбудзецца, запэўніваюць арганізатары.

У склад журы сёлетняй прэміі Гедройця ўвайшлі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуроляг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, доктар філялягічных навук, прафэсар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тацяна Нядбай: «Беларускі ПЭН-цэнтар працуе ў выгнаньні. Як кубінскі ці паўночнакарэйскі»

Папярэднія пераможцы: Павал Касьцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012); Уладзімер Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай зь сіропам і без» (2013); Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014); Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці» (2015); Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016); Зьміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017); Уладзімер Арлоў, «Танцы над горадам» (2018); Ільля Сін, «Libido» (2019); Сяргей Дубавец, «Тантамарэскі» (2020).

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў, пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Польшчы і Польскага інстытуту ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Угодкі Ежы Гедройця: 115 год таму ў Менску нарадзіўся аўтар тэрміну «расстралянае адраджэньне»