Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Нядбай: «Беларускі ПЭН-цэнтар працуе ў выгнаньні. Як кубінскі ці паўночнакарэйскі»


Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

Прадстаўніца Беларускага ПЭН-цэнтру лічыць, што ўлады не абдумвалі рэпутацыйныя страты перад тым, як зьліквідаваць арганізацыю.

9 жніўня Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтар. Рашэньне не падлягае абскарджаньню, а таму ўступіла ў сілу. Тацяна Нядбай заявіла, што літаратары ўспрынялі гэтую навіну як своеасаблівае прызнаньне арганізацыі ва ўмовах, калі ў Беларусі вынішчаюць грамадзкі сэктар, інфармуе «Радыё Рацыя».

«Арганізацыя, вядома, і далей працягне працу. Лічым за гонар. ПЭН-цэнтар у выгнаньні. Як Паўночная Карэя, як Куба маюць свае ПЭН-цэнтры ў выгнаньні. Мне здаецца, сёньня настолькі моцныя іміджавыя, рэпутацыйныя страты ў беларускіх уладаў, што ім ужо ўсё адно. Ім трэба выканаць гэтую задачу. Я маю на ўвазе, міністэрствам, сілавікам — ліквідаваць, яны гэта робяць ужо ня надта думаючы. Бо калі б яны думалі пра рэпутацыю, ніколі б ня здарылася гісторыя з самалётам, у якім ляцеў Пратасевіч, або зь мігрантамі».

Салідарнасьць зь Беларускім ПЭН-цэнтрам выказалі ПЭН-цэнтры ЗША, Швэцыі, Украіны, Польшчы а таксама іншых краін і міжнародны ПЭН.

ПЭН-цэнтар — міжнародная сетка арганізацый, якія аб’ядноўваюць прафэсійных літаратараў з мэтай пашырэньня інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафэсій. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру — Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Ліквідавала арганізацыю судзьдзя — Сакалоўская Г.М., прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на судзе выступіў Печкуроў А.У., пракурорка — Кавальчук І.А.

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтру. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генэральным пракурорам Андрэем Шведам. 19 ліпеня арыштавалі рахункі арганізацыі, а 22 ліпеня Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі ПЭН-цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG