Хроніка перасьледу 10 верасьня: 1,5 года калёніі за «арыенціроўкі» на Лукашэнку

Суд Фрунзэнскага раёну Менску, архіўнае фота

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

4 гады калёніі 20-гадоваму менчуку паводле трох артыкулаў

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 10 верасьня на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за жнівеньскія пратэсты 2020 году асудзілі 20-гадовага сьлесара Арцёма Саковіча. Як на судзе расказаў сам Арцём, у ноч з 10 на 11 жніўня ён быў на акцыях пратэсту, але толькі здымаў усё, што адбывалася, на тэлефон.

12 жніўня знаёмыя прапанавалі зрабіць «кактэйлі Молатава». З каністрай і бутэлькамі іх затрымалі ў адным з двароў у раёне Захад-3. Тады на Саковіча склалі адміністрацыйны пратакол.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пікетавала бел-чырвона-белымі валасамі». Дзяўчыну аштрафавалі на 2320 рублёў за колер валасоў

Падчас асабістага вобшуку пры затрыманьні яго гвалтам прымусілі падпісаць нейкія дакумэнты, зьместу якіх ён ня бачыў.

У межах крымінальнай справы Арцёма затрымалі толькі сёлета 22 чэрвеня, калі ён прыйшоў у РУУС як сьведка ў іншай «непалітычнай» крымінальнай справе. Да гэтага, як высьсетлілася, ён знаходзіўся ў вышуку, хоць і не хаваўся: жыў дома, хадзіў на працу.

Прысуд вынес судзьдзя Дзьмітры Карсюк, які даўно разглядае і выносіць абвінаваўчыя прысуды за пратэсты супраць уладаў. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў Цімафей Нічыпарук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 26 ліпеня: 10 гадоў калёніі за падпал танка, які Міністэрства абароны назвала фэйкам

«Хатняя хімія» за абразу супрацоўніка ДАІ

9 верасьня ў судзе Жлобінскага раёну судзьдзя Ігар Змушко пакараў 37-гадовага Арцёма Барашка 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што мужчыну абвінавацілі ў абразе супрацоўнік ДАІ з Ганцавіч Ігара Вольніча (арт. 369 КК), якому падсудны таксама мусіць выплаціць 700 рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі за маральную шкоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі правялі ператрусы і затрымалі пэнсіянэрак, якіх раней судзілі за чытаньне беларускіх кніг. Усім прысудзілі арышты

Ігар Барашка працуе ў адным зь лякаматыўных дэпо машыністам цягніка на Беларускай чыгунцы.

Па матэрыялах сьледзтва, ён у сацыяльнай сетцы «Однаклассники» з дапамогай мабільнага тэлефона зьмясьціў пад фота камэнтар абразьлівага зьместу: «П…р». На фатаздымку, які ў свой час стаў папулярным у інтэрнэце, пацярпелы душыць каленам на шыю аднаго з пратэстоўцаў. Барашка прызнаў сваю віну.

За «арыенціроўкі» на Лукашэнку жыхара Ляхавічаў асудзілі на 1,5 года калёніі

Паводле зьвестак праваабаронцаў, 9 верасьня ў судзе Ляхавіцкага раёну 23-гадовага Арцёма Сокала абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 1 арт. 367 КК) і яго абразе (ч. 1 арт. 368 КК) — у тэлеграм-чаце «Ляхавічы 90%» ён разьмясьціў дзьве «арыенціроўкі» на злачынца з фота Лукашэнкі. Адна зь іх зьмяшчала «абразьлівыя выразы, а менавіта: хворы на ўладу, паталягічны хлус, падступны, сквапны, цынічны, псыхічна няўстойлівы, аграфюрэр, таракан, Саша 3%, Лука і цыган».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетныя маці, журналісткі, пэнсіянэркі: жанчыны ў няволі, зь якімі нібыта «не ваюе» Лукашэнка

У выніку судзьдзя Натальля Буднік пакарала Сокала 1 годам 6 месяцамі калёніі. Такое пакараньне для абвінавачанага прасіў пракурор. Судзьдзя Буднік таксама пастанавіла канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон — як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.

Сам Арцём Сокал на працягу судовых паседжаньняў віну прызнаў цалкам і патлумачыў, што ў інтэрнэце знайшоў фотавыявы, дзе быў «напісаны ўвесь гэты паклёп», палічыў, што гэта сьмешна, і разьмясьціў публікацыю ў групе.

«Суткі»​ і штраф за «ўдзел у вулічным шэсьці» ў менскай Кунцаўшчыне

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разгледзелі справы Ўладзіслава Кубіцкага, Дзьмітрыя Палякова і Аляксандры Дончанкі, на якіх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за «ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці каля 7:50 9 верасьня», паведамляе «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на вуліцы Прытыцкага разагналі марш пратэсту

Усіх абвінавачаных затрымалі раніцай 9 верасьня. Тады ў менскай Кунцаўшчыне мусіў адбыцца дваровы марш зь бел-чырвона-белай сымболікай. Каля 8:20 відавочцы пабачылі затрыманьні, а пазьней на праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся пакаяльныя відэа з чацьвярымі затрыманымі. На адным з відэа прагучала, што затрымалі пяць чалавек, але ў судзе пакуль разглядзелі справы траіх. Згодна з рапартам міліцыянта, супрацоўнікі міліцыі некаторы час назіралі за шэсьцем з БЧБ-сьцягамі і толькі потым пачалі затрымліваць удзельнікаў.

24-гадовы Ўладзіслаў Кубіцкі сваёй віны на судзе не адмаўляў. У матэрыялах справы былі паказаньні Ўладзіслава, якія ён даваў адразу пасьля затрыманьня:

«Я пасьля закліку вырашыў узяць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў выглядзе шэсьця, якое мусіла адбыцца на вуліцы Кунцаўшчына ў бок станцыі мэтро „Каменная Горка“».

Аднак Кубіцкі на гэта заявіў, што яму «загадалі прачытаць гэтыя словы ў РУУС». У выніку судзьдзя пакарала Кубіцкага 15 днямі арышту.

13 дзён арышту за нібыта ўдзел «у дваровым маршы» судзьдзя Натальля Бугук прысудзіла і 41-гадоваму Дзьмітрыю Палякову. Ён быў першым, каго паказалі ў праўладных тэлеграм-каналах на пакаяльным відэа, якое запісалі проста ў аўтобусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску жанчыны з парасонамі выйшлі на акцыю ў падтрымку жанчын-палітвязьняў. ФАТАФАКТ

Справу 37-гадовай Аляксандры Дончанкі вяла судзьдзя Юлія Блізьнюк. Аляксандра расказала, што на марш ёй прапанаваў схадзіць Дзьмітры Палякоў. Раней яна ў акцыях пратэсту ня ўдзельнічала.

Па словах Дончанкі, яны нават не пасьпелі пачаць шэсьце, бо іх затрымалі амаль адразу, як яны падышлі. У выніку судзьдзя Блізьнюк прызнала Аляксандру вінаватай і аштрафавала яе на 2 610 рублёў (90 базавых велічыняў).

Праваабаронцы зазначаюць, што на маршы затрымалі таксама Тацьцяну Бусел і яе сын Аляксея Бусла. Пасьля ператрусу ў іх кватэры затрымалі таксама мужа і бацьку — Сяргея Бусла. Іх справаў учора не было ў судзе Фрунзэнскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 верасьня: 1 год турмы за пэрформанс ля КДБ, 30 сутак арышту за вокліч «Жыве Беларусь!»

Мужа і жонку ня выпусьцілі з «сутак»

Сяргей Крупеніч і ягоная жонка Анастасія Крупеніч-Кандрацьева перасылалі ў прыватных паведамленьнях адно аднаму інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў» — агулам іх арыштавалі на 56 сутак кожнага.

25 жніўня яны выйшлі на волю пасьля ліпеньскага арышту: Анастасія — ў Баранавічах, Сяргей — з ІЧУ на Акрэсьціна. Калі яны вярнуліся дадому, то там іх ужо чакалі міліцыянты, якія папрасілі наступнай раніцай прыйсьці ў РУУС і «падпісаць дакумэнты». Муж і жонка пайшлі ў міліцыю, але там іх чакалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП, па якіх іх зноў асудзілі на 15 сутак кожнага.

10 верасьня на волю яны ня выйшлі. Праваабаронцам стала вядома, што на іх склалі новыя пратаколы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» за паведамленьні-рэпосты адзін адному. Паводле папярэдняй інфармацыі, суд над Сяргеем ужо адбыўся, а Анастасію будуць судзіць у панядзелак.

Жанчыну, якой не давалі батарэйкі да слыхавага апарату, зноў затрымалі

51-гадовую Алену Левіну затрымалі 10 верасьня ў Менску. На якой падставе — пакуль невядома. Раней Алену затрымлівалі 22 ліпеня і склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», арыштаваўшы на 15 сутак. Левіна носіць слыхавы апарат, аднак ёй адмовіліся перадаць новыя батарэйкі. Тады ж супрацоўнікі ЦІП Акрэсьціна адмовіліся прымаць ад сваякоў таблеткі, таму Алена засталася і без мэдычнай дапамогі.

Мясцовая лекарка сапраўды прасіла адміністрацыю ЦІПу выдаць батарэйкі, але на сваю просьбу яна нібыта атрымала нецэнзурны адмоўны адказ супрацоўніка ЦІПу Аляксея Цішачкіна.

Падчас другога суду Левінай выдалі батарэйкі, але адразу пасьля прысуду зноў забралі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі глуханямога рабочага асудзілі на 2 гады калёніі за «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да гвалту»