Сьцісла
- Магчымасьці ўхіліцца ад ухваленьня 28 саюзных праграмаў у Лукашэнкі гэтым разам проста не было.
- Здаецца, галоўнай на парадку дня была іншая тэма: колькі Масква гатовая заплаціць за згоду Менску на больш шчыльную інтэграцыю.
- Думаю, Лукашэнка прывёз Пуціну праект Канстытуцыі, каб пачуць ацэнку расейскага лідэра.
У заявах Лукашэнкі і Пуціна на пачатку сустрэчы і на прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў зьмястоўнага было няшмат.
Ад пачатку незвычайнасьць цяперашняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным палягала ў тым, што загадзя была прызначана прэсавая канфэрэнцыя па выніках перамоваў. Гэта азначала, што варыянт, калі бакі не дамовяцца, проста адпадаў. То бок магчымасьці саскочыць, ухіліцца ад ухваленьня 28 саюзных праграмаў у Лукашэнкі гэтым разам проста не было. Ды і афіцыйныя асобы з абодвух бакоў адзначалі, што ўсё узгаднілі. Такі вынік быў дасягнуты вельмі простым спосабам: тыя пытаньні, адносна якіх бакі не паразумеліся, былі выкінуты. Гэта сьведчыць пра большую зацікаўленасьць абодвух бакоў падпісаць гэтыя дакумэнты ў параўнаньні з 2019 годам, калі не змаглі дамовіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін з Лукашэнкам на перамовах у Крамлі ўзгаднілі 28 «саюзных праграм»Але застаецца пытаньне, што так доўга абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін? Вакол чаго ішоў торг?
Наўрад ці яны старанна вывяралі тыя «дарожныя мапы». Гэта прэрагатыва ўрадаў. Да таго ж Пуцін ня любіць займацца эканамічнай драбязой. Ня царская гэта справа. Ён лічыць сябе вялікім геапалітыкам.
Таксама малаверагодна, што шмат увагі ўдзялілі крызісу вакол Афганістану, пра што напярэдадні казаў Лукашэнка. Бо Беларусь мала чым можа дапамагчы Расеі рэагаваць на выклік з боку «Талібану». Менск у гэтым пытаньні зусім збоку, нягледзячы на актыўную лукашэнкаўскую рыторыку.
Думаецца, галоўнай на парадку дня была іншая тэма. Давайце ўспомнім, з чаго пачаўся ўвесь гэты праект «дарожных мапаў». У сьнежні 2018 году тагачасны прэмʼер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў выступіў з ультыматумам: Масква гатовая працягваць даваць субсыдыі Беларусі толькі ў абмен на больш шчыльную інтэграцыю. Увесь 2019 год ішлі цяжкія перамовы аб 31 «дарожнай мапе», але ўрэшце тады бакі не дамовіліся.
Прайшло два гады, шмат што памянялася. Цяпер бакі дасягнулі фінішу ў доўгім перамоўным марафоне. І цалкам лягічна, што Лукашэнка прыехаў у Крэмль з адным пытаньнем: колькі? Згода Менску на эканамічную інтэграцыю дорага каштуе. Колькі Масква заплаціць за гэта? Мядзьведзеў у 2018 годзе абяцаў вярнуць поўнамаштабныя субсыдыі ў абмен на шчыльную інтэграцыю. Прыйшла пара выконваць абяцаньні.
Ужо зьявілася інфармацыя, што Менск просіць крэдыт у $3 млрд. Пакуль дамовіліся, што Расея да канца 2022 году акажа Беларусі крэдытную падтрымку ў абʼёме $630–640 млн даляраў. Ня вельмі вялікая плата за здачу нейкай часткі эканамічнага сувэрэнітэту. Нічога не было сказана пра кампэнсацыю за падатковы манэўр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі сувэрэнітэту аддаў Лукашэнка?Другое важнае пытаньне для дыскусіі зь іншай сфэры. Думаю, Лукашэнка прывёз Пуціну праект Канстытуцыі ня тое што для ўхваленьня, але каб пачуць ацэнку расейскага лідэра. Да такой вэрсіі падштурхоўвае факт дзіўнай паўзы ў так званай «канстытуцыйнай рэформе». Яшчэ летам праект Канстытуцыі быў гатовы і канстытуцыйная камісія зьбіралася прадставіць яго Лукашэнку да 1 жніўня. Потым узьнік новы тэрмін — 1 верасьня. Сёньня ўжо 9 верасьня, а абмеркаваньня ў Лукашэнкі гэтага дакумэнту чамусьці няма. Чаму зацягваецца працэс? І тут зьяўляецца інфармацыя, што што нечакана, раптоўна прызначаныя перамовы з Пуціным. Прычым пазаплянавыя, пра іх нічога не было чуваць. У кастрычніку-лістападзе заплянавана паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Навошта спатрэбілася цяперашняя сустрэча?
Калі выставіць гіпотэзу, што Лукашэнка вырашыў спачатку паказаць праект Канстытуцыі Пуціну, то ўсё становіцца на сваё месца. Бо праводзіць канстытуцыйную рэформу ў піку Пуціну цяпер Менску не з рукі. Калі гэтая гіпотэза правільная, то гэта тлумачыць і паўзу ў працэсе рэалізацыі гэтай рэформы, і тэрміновасьць, пазачарговасьць сустрэчы з Пуціным.
Што тычыцца публічных заяваў Лукашэнкі і Пуціна на пачатку сустрэчы і на прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў, то нечага зьмястоўнага там было няшмат. Больш гаварылі пра пляны, магчымыя вынікі рэалізацыі зацьверджаных праграм. Былі пафасныя словы пра гістарычны прарыў у інтэграцыі і іншае.
Тры гады ішло ўзгадненьне саюзных праграм. Мяркую, што для іх рэалізацыі спатрэбіцца значна больш часу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Незалежнасьці няма, любое распараджэньне Пуціна выканаюць», — Станіслаў Шушкевіч. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не галасаваў за незалежнасьць Беларусі ў 1991 годзе. Як усё было