«Давесьці чалавека, каб ён радаваўся, што ў яго анкалёгія»
«Мяне выратавала мая хвароба. Да чаго трэба давесьці чалавека, каб ён радаваўся, што ў яго анкалёгія?», — пытаецца гарадзенка Ала Гарацкевіч. Яна перакананая, што лейкоз — адзінае, што яе ўратавала ад калёніі.
Яна 16 жніўня атрымала 2,5 гады «хатняй хіміі», а яе дачка Галіна 3 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах і нібыта за гвалт над міліцыянтамі. Прычынай сталі падзеі 6 верасьня 2020 году ў Горадні, калі па горадзе прайшоў вялікі марш пратэсту. Прысуд вынес судзьдзя Максім Галубовіч, абвінавачаньне падтрымліваў пракурор — Сяргей Пятрашка. За час суду зьмянілася трое судзьдзяў.
«Гэта спэктакль. Абвінавачаныя ні ў чым не вінаватыя, пацярпелыя ніяк не пацярпелі», — камэнтуе судовы працэс Ала Гарацкевіч.
Яна дагэтуль не разумее, за што яе пакаралі. Адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў выступалі ў судзе не пад сваімі імёнамі, за шырмай. Яны не маглі ўспомніць фігурантак справы.
«Гэта абавязак грамадзяніна — выступіць супраць гвалту і падману»
29 сакавіка ў сям’і Гарацкевіч называюць «чорным днём». 33-гадовую Галіну затрымалі, а на маці завялі крымінальную справу. За 10 дзён да затрыманьня дачкі Ала Гарацкевіч даведалася, што ў яе рак. Падчас сьледзтва і суду яна некалькі разоў ляжала ў шпіталі.
Але Гарацкевіч 58 гадоў, усё жыцьцё працавала швачкай. Нядаўна сышла на пэнсію, бо захварэла. Ейны муж мае інваліднасьць. Разам зь імі жывуць старыя бацькі. Гарадзенка заўжды лічыла сябе апалітычным чалавекам, хоць і раней шмат што не падабалася ў краіне, але ня думала, што можа нешта зьмяніць.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году гарадзенку больш за ўсё абурыў падман і гвалт. Яна выйшла на вуліцу не праз палітыку, а за справядлівасьць.
«Я асабіста знаёмая з двума мужчынамі, якія пацярпелі. Я ведаю, што гэта праўда, гэты калідор у РАУС, я бачыла іхныя сінякі. Я не лічу, што гэта палітыка. Мы павінны на гэта так рэагаваць. Гэта абавязак грамадзяніна — выступіць супраць гвалту, супраць падману. Але выходзіць, што гэта палітыка», — кажа спадарыня Ала.
З канца лета жанчына раптоўна пачала худзець. Яна важыла каля 90 кіляграмаў, а схуднела да 68. Спачатку радавалася, што скінула вагу. Але потым дадалася слабасьць, стомленасьць. Яна сьпісвала гэта на ўзрост і цяжкую працу. Урэшце на абсьледаваньні ў сакавіку ёй паставілі дыягназ «лейкоз». Узровень лейкацытаў у яе складаў 80–90 пры норме 4–9. Хвароба прагрэсавала. Лекарка патлумачыла гэта перажытым стрэсам.
Жанчыну двойчы клалі ў шпіталь, каб стабілізаваць стан. Лекі па 539 рублёў за ўпакоўку, якой хапае на месяц, аплочвае дзяржава.
Спадарыня Ала ўзяла выпіску са шпіталю, што хварэе. Аднак ёй здалося, што сьледчая не адразу ёй паверыла нават з дакумэнтамі. Сьледчая адшукала лекарку Гарацкевіч, якая зьехала на курсы ў Менск, і перапытвала, ці сапраўды жанчыне патрэбен пастаянны мэдычны нагляд.
Спадарыня Ала часам думае, а што было бы, калі яна не пасьпела абсьледавацца і даведацца дыягназ да пачатку сваёй крымінальнай справы.
«Магчыма, мяне бы тут ужо не было», — мяркуе яна.
«Я дагэтуль не магу ў гэта ўсё паверыць, што гэта ўсё адбываецца са мной, з маёй сям’ёй», — камэнтуе пэнсіянэрка.
Штопраўда, ёй здалося, што супрацоўнікі сыстэмы ставіліся да яе крыху больш мякка, бо ведалі, што яна хварэе.
«Паўсюль ёсьць людзі», — кажа яна.
«Якое страшнае злачынства яна зьдзейсьніла, каб сядзець у турме?»
Галіне Гарацкевіч 33 гады, яна працавала ІТ-тэставальніцай. Не замужам, безь дзяцей. Дзяўчына правяла ў горадзенскай турме 4,5 месяцы да абвяшчэньня прысуду.
«Калі такія людзі сядзяць, то хто тады не ў турме? У яе настолькі пачуцьцё абавязку разьвітае, адказнасьць. Яна ніколі ня пройдзе міма чужой бяды. Усе каты, сабакі на вуліцы, яна ўсіх ведае, усім шукае нейкія прытулкі. Якое страшнае злачынства яна зьдзейсьніла, каб сядзець у турме?», — кажа спадарыня Ала пра дачку.
Калі Галя выйшла на волю 16 жніўня, маці першую ноч здолела спакойна паспаць.
«Бо я клалася спаць — плакала, прачыналася сярод ночы, што я тут ляжу, а яна там. Яна мне і дагэтуль ня кажа ўсяго, каб мяне не хваляваць. Яна сказала: «Як я гэта ўсё вытрымала?!», — пераказвае маці словы дачкі.
Паводле яе, у сакавіку ў камэры было вельмі халодна. Улетку сьпёка адчувалася як 50 градусаў, калі немагчыма было нічога рабіць, нават паварушыцца. Галіну прызналі схільнай да экстрэмізму, таму яе паўсюль вадзілі ў кайданках. У суд яна прыяжджала ў двух парах кайданкоў: першай зашпіленай сьпераду, другой — прышпіленай да канваіра.
«Цяпер я міма турмы хаджу або ежджу і думаю: там жа людзі сядзяць», — кажа гарадзенка, што раней не задумвалася пра гэта.
Асобным выпрабаваньнем для яе было, калі пад ранак на выходных з Савецкай плошчы даляталі сьпевы п’яных мужчын.
«Мой муж дагэтуль ня можа выходзіць на вуліцу, калі ідуць маладыя дзяўчаты, сьмяюцца. Ён плача. Людзі працягваюць жыць сваім звычайным жыцьцём, ходзяць па барах. Але я нікога не асуджаю», — кажа жанчына.
Лісты паміж ёй і дачкой хадзілі з інтэрваламі ў 10 дзён.
«Пакуль ліст дойдзе, пакуль прыйдзе адказ, дык ён ужо неактуальны. Прыкладам, яна хварэла і былі патрэбныя лекі. Мы пра гэта даведаліся, калі яна ўжо ачуняла», — расказвае маці.
«Я бясконца хачу дзякаваць людзям, што яны такія ёсьць у нас»
Але галоўнае, чым яна хоча дзяліцца ў сувязі зь перажытым годам, гэта ўдзячнасьць да многіх людзей, якія падтрымалі іхную сям’ю.
«Я выйшла са Сьледчага камітэту ў такім стане: што рабіць, куды бегчы? Спачатку я думала, што я адна са сваёй бядой. Калі бачыш падтрымку, гэта значна лягчэй перажыць. Відаць, дачцэ трэба было трапіць у турму, каб зразумець, як шмат добрых людзей вакол нас», — кажа жанчына.
Сябры Галі пачалі прыходзіць да сям’і ў госьці, падтрымліваць іх, цалкам узялі на сябе перадачы для Галі ў турму. Падтрымлівалі калегі, незнаёмыя людзі.
«Значыць, мая дачка ня самая кепская на гэтым сьвеце, калі ў яе столькі сяброў. Я бясконца хачу дзякаваць людзям, што яны такія ёсьць у нас», — мяркуе гарадзенка.
Самае цяжкое для яе за гэты час — «што гэта цягнецца і цягнецца, што нічога не зьмяняецца па сутнасьці, што вельмі шмат людзей цярпяць ні за што».
«Толькі каб не дарма ўсё гэта было. Веру, што дабро, справядлівасьць пераможа. Інакш навошта ўсё гэта?», — пытаецца спадарыня Ала.