Праўладны блогер Голікаў заклікаў задумацца, ці варта выходзіць за дзяржаву і Лукашэнку

Аўтамабіль каналу СТБ, зь якім супрацоўнічае блогер Аляксей Голікаў, ілюстрацыйнае фота

Аўтамабіль каналу СТБ, зь якім супрацоўнічае блогер Аляксей Голікаў, ілюстрацыйнае фота

Берасьцейскі блогер Аляксей Голікаў, які падтрымліваў Лукашэнку падчас леташніх пратэстаў, апублікаваў відэа, у якім распавёў пра развод з жонкай-«бэчэбэшніцай».

Голікаў у відэа прызнаўся, што зь ім разводзіцца жонка-«бэчэбэшніца», у выніку чаго ён застаецца «без анічога»:

«Летась я выйшаў супраць таго бардака, які пачынаўся ў краіне, нават не за прэзыдэнта. А сёньня прайшло трэцяе судовае паседжаньне ў справе спыненьня шлюбу. Жонка мяне не падтрымала — яна „бэчэбэшніца“ — і падала на развод. Праблема нават ня ў гэтым. У дзяржаве, дзеля якой ты гатовы аддаць жыцьцё, пакласьці галаву, існуе несправядлівасьць. Фактычна я застаюся без усяго — без дому, без машыны, без дзяцей. Проста выкінуты на вуліцу. І калі ў вас яшчэ ўзьнікне жаданьне выходзіць за дзяржаву, за Лукашэнку і за штосьці яшчэ не сваё — падумайце лішні раз», — са сьлязьмі на вачах прамаўляе Аляксей Голікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал апублікаваў выступ блогера, які апраўдвае гвалт сілавікоў і «нават ліквідацыю» пратэстоўцаў

Пры гэтым ён паабяцаў у наўпроставым эфіры 9 верасьня «расказаць усё» — пра пратэсты, суды, КДБ ды іншыя падзеі палітычнай кампаніі 2020 году.

Раней у дзяржаўным тэлеканале СТБ, зь якім супрацоўнічае Аляксей Голікаў, ён апраўдваў гвалт сілавікоў над пратэстоўцамі.

«Удары гумовымі палкамі, захопы, блякаваньне і нават ліквідацыя. Усе дзеяньні сілавікоў былі накіраваныя на драбненьне і блякаваньне разбуральнай сілы натоўпу», — казаў ён у эфіры «Сталічнай тэлевізіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм адмовіўся правяраць словы аўтара СТВ Голікава, якія расцанілі як рэабілітацыю нацызму

40-гадовы берасьцеец Аляксей Голікаў — індывідуальны прадпрымальнік у сфэры рэклямы. Да таго запісваў ролікі з крытыкай апазыцыі, праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ды іншых апанэнтаў улады.