6 верасьня ў Берасьці ня стала дырэктара школы № 26 Пятра Герасімука. Сёньня зьявіліся падрабязнасьці здарэньня. Паводле калегаў, у той дзень ён правёў у школе нараду і пайшоў дадому, больш ніхто яго ня бачыў, піша «Белсат».
Адной з вэрсій сьмерці дырэктара стала спыненьне сэрца, але калегі сьцьвярджаюць, што ён павесіўся.
«Апошнім часам ён зусім невясёлы быў, яму год да пэнсіі заставаўся, ён баяўся гэтую працу страціць. Мо на яго нехта ціснуў», — сказала адна з суразмоўцаў.
У школе адбываюцца сьледчыя дзеяньні. «Брестская газета» піша, што цела дырэктара Герасімука знайшлі па месцы жыхарства, а сярод вэрсій, якія разглядаюць, ёсьць і самагубства.
Свабода мае здымак пратаколу з выбараў прэзыдэнта 2020 году на ўчастку ў гэтай школе. Згодна зь ім, Аляксандар Лукашэнка набраў 793 галасы, а Сьвятлана Ціханоўская — 529, пры гэтым у датэрміновым галасаваньні прагаласавалі 485 выбарнікаў з 1500.
Назіральнік, які працаваў на гэтым участку, сьцьвярджае, што ў асноўны дзень тут перамагла Ціханоўская, а падчас датэрміновага галасаваньня нармальнага назіраньня фактычна не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопца, які ўчыніў суіцыд пасьля перасьледу за пратэсты, крэміравалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 500 настаўнікаў, 427 выкладчыкаў. Колькі спэцыялістаў не хапае ў сферы адукацыі