У экспэртызе, паводле якой прызналі экстрэмісцкім Tut.by, парталу прыпісалі цытаты з NEXTA 

Офіс Tut.by, архіўнае фота

13 жніўня суд у Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы парталу Tut.by і яго пераемніка Zerkalo.io, а таксама іх сацыяльных сетак. Журналісты Zerkalo.io вывучылі тэкст экспэртызы, на падставе якой быў вынесены прысуд. Вось іх сьціслыя высновы.

  • Больш за 720 тысяч публікацый найбуйнейшага мэдыя Беларусі былі абʼяўленыя экстрэмісцкімі адным рашэньнем, працэс праходзіў у тайне ад грамадзтва.
  • Падставай для рашэньня суду стала 77-старонкавая экспэртыза, якую правялі два чалавекі — супрацоўнікі дзяржаўных устаноў.
  • Аўтары экспэртызы ня ёсьць экспэртамі ў СМІ: адзін — філёляг, другі — экспэрт у вайсковай сфэры і вобласьці кіраваньня.
  • У задачы аднаго з экспэртаў уваходзіў пошук схаваных сэнсаў і мэтаў у тэкстах, другі ж шукаў у гэтым пагрозы, якія нібыта ўзьніклі для бясьпекі краіны.
  • У экспэртызе пад выглядам матэрыялаў Tut.by апынуліся тэксты, якіх там ніколі не было — гэта цытаты з допісаў прызнанага экстрэмісцкім яшчэ ўвосень 2020-га тэлеграм-каналу NEXTA Live.
  • На думку экспэртаў, праз цытаваньне ў журналісцкіх матэрыялах лідэраў пратэсту Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы ў краіне ўзьнік экстрэмізм, масавыя беспарадкі і рэзка зьнізіўся давер да ўлады.
  • Аўтары таксама лічаць, што Tut.by ствараў уражаньне, нібыта краіна ахопленая пратэстамі, і наўмысна паказваў прадстаўнікоў улады ў нэгатыўным сьвятле.
  • Аўтары ўпэўненыя, што праз рэпартажы і здымкі зь месца падзеяў насамрэч пратэсты не асьвятляліся, а каардынаваліся.

Хто напісаў экспэртызу

Аляксандар Іваноўскі, доктар тэхнічных навук, прафэсар катэдры прававой інфарматыкі ў Акадэміі МУС, сябра Расейскай акадэміі вайсковых навук. Апошнім часам — нярэдкі госьць дзяржаўных каналаў і выданьняў. Яго прадстаўляюць як экспэрта ў галіне бясьпекі, палітоляга, прафэсара, навукоўца ў галіне кіраваньня.

Тацяна Лапуніна, кандыдатка філялягічных навук, начальнік аддзелу маўленьнезнаўчых і эканамічных дасьледаваньняў у навукова-практычным цэнтры пры Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здаецца, у краіне адмянілі ўсе законы». Фігуранты «справы Tut.by» пра 100 дзён у няволі

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Марыі Калесьнікавай: «Маша гучна сьмяялася, калі паглядзела выпуск па тэлевізіі пра іх суд»