Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі выказаўся ў сваім фэйсбуку наконт перадавіцы «Мінскай праўды» з карыкатурай на каталіцкіх сьвятароў.
«Дарагія мае сябры, браты і сёстры!
Сёньня вельмі шмат увагі да „Мінскай праўды“ і таго, што было там зьмешчана сёньня. Я лічу, што такі нізкапробны матэрыял не павінен заслугоўваць такой увагі.
Я хачу толькі яшчэ раз пацьвердзіць сваю асабістую пазыцыю адносна пэўных спраў, якія між іншым былі ўзгаданыя ў гэтым матэрыяле.
Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насільля, катаваньняў, несправядлівасьці, хлусьні, рэпрэсій. Я не зьмяню гэтага свайго погляду, нягледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, зь якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы ня здольныя паўплываць на мой сьветапогляд, які базуецца на Эвангельлі.
Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта ў хрысьціянскай сымболіцы знак і сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта НЕ залежыць ад ідэолягаў, якія сёньня шукаюць „аргумэнтаў“ супраць...
Гімн „Магутны Божа“ даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолягам, гэта НЕ праблема Касьцёла... Мы сёньня не ўжываем гэту малітву толькі таму, каб гэтым не раздражняць нікога...
Падобныя артыкулы не спрыяюць супакою і згодзе ў нашым грамадзтве...
Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць...» — напісаў Юры Касабуцкі.
На першай старонцы нумару ад 7 верасьня «Мінская праўда» апублікавала карыкатуру Антона Астроўскага, на якой выява каталіцкіх сьвятароў у характэрным адзеньні, свастыка, бел-чырвона-белы сьцяг і словы беларускага хрысьціянскага гімну «Магутны Божа» на фоне скажонай рэплікі абраза Росіцкіх пакутнікаў — сьвятароў, якія падчас ІІ сусьветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі сьмерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак падпісаны на расейскай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Касьцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысьціянам розных канфэсій»6 верасьня Беларускі каталіцкі эпіскапат заявіў, што Касьцёл «адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальваньне варожасьці ў беларускім грамадзтве да Рыма-Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, асабліва да яго герархаў і прэзьбітэраў».
«Дадзеная публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуцьцям вернікаў Каталіцкага Касьцёлу.
Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысьціянам розных канфэсій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасьці да фашызму і нацызму, што зьяўляецца сьвядомым і зламысным скажэньнем праўды, паклёпам і абразай».
Касьцёл спадзяецца на належную прававую ацэнку карыкатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікіРаней прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько напісаў, што «Мінская праўда» плюнула ў твар мільёнам католікаў Беларусі.
«Што гэта? Правакацыя? Хайп? Сумна, але такая наша рэчаіснасьць. У час, калі беларускі народ стомлены вырашэньнем грамадзка-палітычных пытаньняў, змучаны барацьбой з пандэміяй каранавірусу, у сьвятле новаўтворанага сьвята „народнага адзінства“ рэдакцыя газэты „Мінская праўда“ плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў, якія жывуць у нашай краіне. А калі ўважліва паглядзець на разьмешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зьневажаецца крыж, дык тым самым абражае ўсіх хрысьціян прапагандай нацысцкай сымболікі. Няма жаданьня ацэньваць набор літар, які падаецца як артыкул, лепш гэта зробяць гісторыкі. Дзяржаўная ўстанова, законы ведаюць», — адзначыў сьвятар.
Пры гэтым Юры Санько нагадаў, што кожны тыдзень беларускія каталікі моляцца ў тым ліку і за ворагаў касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» адмянілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка супраць «Магутнага Божа»: «Глядзіце, нарвяцеся»