У Віцебску адбыўся разгляд крымінальнай справы за «публічную абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), піша «Віцебская вясна».
На лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахторкай у віцебскім інтэрнаце — яна разьмясьціла кароткі камэнтар на адрас віцебскага міліцыянта Віталя Шнявіна, які ўжо звольніўся зь міліцыі і цяпер знаходзіцца за мяжой.
Камэнтар яна пакінула ў Інстаграме пад фатаздымкам, на якім міліцыянт распыляе сьлёзацечны газ на грамадзян. Гэты запіс і нэгатыўныя камэнтары пад ім убачыла 34-гадовая хатняя гаспадыня Натальля Селюкова — яна зьвярнулася ў міліцыю з просьбай «даць ім прававую ацэнку». Вера Струніна запэўнівала на судзе, што ў яе ёсьць доказы таго, што сьведка добра ведае сяржанта Шнявіна, але судзьдзя Дзяніс Аляксеенка не прыняў гэта пад увагу.
У выніку жанчыну асудзілі на 1,5 года «хіміі». Таксама Вера Струніна мусіць выплаціць пацярпеламу 500 рублёў кампэнсацыі. Мабільны тэлефон «Самсунг», за які яшчэ ня выплачаная растэрміноўка, канфіскаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына сьвятара судзяць за шкоду бясьпецы Беларусі. Ён пакінуў два «няправільныя» камэнтары ў сацсетках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 верасьня: калёнія пэнсіянэру і «хатняя хімія» маладзёну за «абразы прадстаўнікоў улады»Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах