Пра гэта паведамляе выданьне «Times of India».
Склад новага ўраду будзе абвешчаны на наступным тыдні, — заявіў прадстаўнік талібаў Забіхула Муджахід.
У сваю чаргу Халіл Хакані — чалец створанага «Талібанам» камітэту, у задачу якога ўваходзяць перамовы з рознымі групамі афганскага грамадзтва аб стварэньні новага ўраду — адзначыў, што «Талібан» мог бы сфармаваць урад у адзіночку, але гэта «ня будзе прымальным для сьвету». Таму, паводле яго, талібы спрабуюць забясьпечыць прысутнасьць усіх групаў і слаёў афганскага грамадзтва ў будучым урадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы выкарысталі сьлезацечны газ, каб разагнаць жаночы пратэст у КабулеТаксама ён сказаў, што ў склад новага ўраду ўвойдуць экс-прэмʼер Афганістану Гульбэдзін Хекмаціяр і брат былога прэзыдэнта Ашрафа Гані.
У сераду паступалі паведамленьні пра тое, што «Талібан» ужо зрабіў першыя прызначэньні, у тым ліку прызначаныя міністры замежных справаў, абароны і ўнутраных спраў. Як паведамляў тэлеканал Tolo News, найвышэйшым кіраўніком Афганістану, верагодна, стане лідэр «Талібану» Хайбатула Ахундзада. Пад яго кіраўніцтвам кіраваць Афганістанам будзе прэзыдэнт ці прэмʼер-міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць у Афганістане цяпер, калі амэрыканскія войскі пакінулі краіну. 4 пытаньні і адказыУ той жа час газэта Hindustan Times напісала, што лідэры розных плыняў «Талібану» вядуць барацьбу паміж сабой, імкнучыся атрымаць як мага большы ўплыў у будучым урадзе Афганістану. Паводле яе інфармацыі, асноўныя ўдзельнікі гэтага працэсу — лідэры сеткі «Хакані», якая лічыцца адной з самых баяздольных у складзе «Талібану», і мула Мухамад Якуб — сын заснавальніка «Талібану» мулы Амара. Пры гэтым верныя мулу Якубу сілы кантралююць Кандагар, які лічыцца апорай руху ў Афганістане, а сетка «Хакані» утрымлівае пад кантролем Кабул.
Хайбатула Ахундзада зьяўляецца дзейным лідэрам талібаў з траўня 2016 году. Ён нарадзіўся ў Кандагары, атрымаў рэлігійную адукацыю ў Пакістане, прымаў удзел у баявых дзеяньнях супраць савецкай арміі ў 1980-х гадах. Затым займаўся рэлігійнай дзейнасьцю.