Пасьля травеньскага пажару купал быў у аварыйным стане. У ім зьявіліся расколіны, якія павялічваліся. Таксама была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні, пісаў catholic.by.
4 верасьня стала вядома, што працы па страхоўцы купала завяршылі. У ім зрабілі мэталаканструкцыі, паклалі насьціл, усталявалі стойкі. Таксама зрабілі зандажы, каб праверыць, ці не было раней на купале фрэсак, паведаміў тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам!».
Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, вадой з пажарных брандспойтаў пашкоджаныя сьцены, падлога, мэбля. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёлу неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арган, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы.
У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады. Ліквідацыя наступстваў пажару працягваецца.
На аднаўленьне каталіцкай сьвятыні неабыякавыя людзі і арганізацыі ўжо ахвяравалі звыш 1 мільён рублёў. Аднак, каб закончыць кансэрвацыю перад наступным этапам рэстаўрацыі, бракуе яшчэ каля 400 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кансэрвацыю касьцёла ў Будславе не хапае 400 тысяч рублёў. Больш за мільён ужо сабралі