Пра гэта заявіў у пятніцу вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў міжнародных справах і ў палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль на прэсавай канфэрэнцыі па выніках нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС, што адбылася ў Любляне.
«Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў і ўцекачоў, каб стварыць штучны ціск на ўсходнюю мяжу ЭЗ, бо межы Літвы і Польшчы — гэта межы ЭЗ, — прыводзіць ТАСС словы Бурэля. — Міністры выказалі салідарнасьць зь Літвой, Латвіяй і Польшчай і абвясьцілі пра гатоўнасьць прыняць усе меры, каб падтрымаць іх, калі сытуацыя працягне пагаршацца».
Усяго з пачатку году на літоўска-беларускай мяжы затрымалі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. У Вільні лічаць, што міграцыйны крызіс справакаваны Менскам, і называюць гэта гібрыднай атакай на Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь вырашыла дзейнічаць як разбойніцкі рэжым». Кіраўніца МУС Латвіі пра міграцыйны крызісУ канцы траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоная краіна служыла барʼерам на шляху нелегальных мігрантаў у Эўропу, аднак з улікам палітычнага ціску Захаду Менск можа задумацца, ці варта працягваць гэта рабіць.
У сувязі з абвастрэньнем у канцы жніўня міграцыйнай сытуацыі на мяжы з Польшчай прэзыдэнт Анджэй Дуда ўжо абвясьціў надзвычайнае становішча ў памежнай зоне. А яшчэ 12 жніўня парлямэнт Латвіі ўхваліў рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю.