Ён зазначыў, што такіх праблемаў з карэспандэнцыяй, як цяпер, раней не было.
«Калі, напрыклад, мне не заўсёды даходзілі лісты, то цешча альбо мая маці раз на тыдзень дакладна іх атрымлівалі, — кажа суразмоўца. — Вядома, што разам з Палінай этапавалі Аліну Муратаву і Вольгу Сыраватку (асуджаныя на 1 і 2 гады калёніі агульнага рэжыму ў справе аб блякаваньні чыгуначных шляхоў і разьвешваньні пудзілаў у Берасьці. — РС). Пры гэтым яны ўжо тэлефанавалі некалькі разоў з калёніі, а ад Паліны няма ніякіх навінаў».
Актывіст дадаў, што гомельская папраўчая калёнія № 4, дзе знаходзіцца ягоная жонка, адмаўляецца ісьці на кантакт.
«Маці Паліны спрабавала туды тэлефанаваць. Ёй сказалі, што праз тэлефон такой інфармацыі не даюць. Трэба зрабіць пісьмовы запыт. Тады я напісаў на мэйл, аднак мне адказалі тое самае, што і раней. Маўляў, званкі вязьням ажыцьцяўляюцца па рэглямэнце, — кажа Андрэй. — „Сарафаннае турэмнае радыё“ перадало, што Паліну адразу пасьля карантыну зьмясьцілі ў ШЫЗА, але, на жаль, пацьвердзіць гэтую інфармацыю немагчыма».
Паводле Андрэя, за ўвесь час, што Паліна ў калёніі, яна ніводнага разу не напісала заявы на сустрэчу з адвакатам. Актывіст падкрэсьлівае: і сваякі, і абаронца папярэджвалі Паліну, што гэта трэба зрабіць у першую чаргу, каб мець сувязь з роднымі.
«Фактычна жанчын там [у калёніі] катуюць, ствараючы невыносныя ўмовы. Усіх, хто мае сталую пазыцыю, проста зьневажаюць і саджаюць у карцар ці ў КЗТ (камэру зачыненага тыпу). Такое проста недапушчальна ў цэнтры Эўропы ў 21 стагодзьдзі», — кажа Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Застаецца нязломнай». Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк 200 дзён за кратамі
Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на самым пачатку 2021 году. За кратамі яна ўжо 8 месяцаў. Вырак Паліне агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.
Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
Муж Паліны, Андрэй Шарэнда, ад крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маму захапілі чорныя дзядзькі». Гісторыя берасьцейскіх актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я перад бандытамі не ўстаю». Як у Берасьці судзяць актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк