«Роскомнадзор» абвясьціў аб блякаваньні шасьці VPN-сэрвісаў

Маніфэстацыя ў Маскве, на плякате надпіс «Дзякуй, РКН («Роскомнадзор»)! Цяпер я ведаю, што такое VPN, Tor, proxy», красавік 2021 г.

Расейскае нагляднае ведамства «Роскомнадзор» абвясьціла аб блякаваньні яшчэ шасьці VPN-сэрвісаў, якія «парушаюць расейскае заканадаўства».

Заблякаваныя сэрвісы Hola! VPN, ExpressVPN, KeepSolid VPN Unlimited, Nord VPN, Speedify VPN і IPVanish VPN.

У паведамленьні «Роскомнадзора» гаворыцца, што «выкарыстаньне сэрвісаў абыходу блякаваньняў прыводзіць да захаваньня доступу да забароненай інфармацыі і рэсурсаў, стварае ўмовы для незаконнай дзейнасьці, у тым ліку зьвязанай з распаўсюдам наркотыкаў, дзіцячай парнаграфіі, экстрэмізму і схіленьня да суіцыду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады хочуць заблякаваць «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Ці магчыма гэта без блякаваньня Telegram?

«Роскомнадзор» папярэджваў, што неўзабаве заблякуе гэтыя шэсьць VPN-сэрвісаў, у канцы чэрвеня, калі прапаноўваў расейскім прадпрыемствам і арганізацыям паведаміць, ці выкарыстоўваюць яны гэтыя сэрвісы. 27 такіх ведамстваў змогуць працягнуць выкарыстоўваць сэрвісы пасьля іх блякаваньня.

У чэрвені «Роскомнадзор» абмежаваў выкарыстаньне ў РФ двух VPN-сэрвісаў — Opera VPN і VyprVPN. Прычынай такога рашэньня стала нежаданьне сэрвісаў выконваць патрабаваньні расейскага заканадаўства ад 2017 году — падлучыцца да дзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы для блякаваньня забароненых сайтаў.

У жніўні Цэнтральны банк Расеі папярэдзіў пра магчымасьць блякаваньня «Роскомнадзором» яшчэ чатырох VPN-сэрвісаў — Psiphon, Tunnelbear, Thunder, Redshield. У сувязі з гэтым Цэнтральны банк папрасіў банкі назваць VPN-сэрвісы, якія яны выкарыстоўваюць для працы, каб пазьбегнуць праблемаў пры іх блякаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская экспэртка пра сачэньне за людзьмі: Нават некаторыя ўрады не разумеюць, куды пойдуць дадзеныя

У 2019 годзе падуладны «Роскомнадзору» галоўны радыёчастотны цэнтар замовіў распрацоўку аўтаматызаванай сыстэмы, якая дазволіць адсочваць блякаваньне забароненых у Расеі сайтаў пошукавікамі, VPN-сэрвісамі, проксі-сэрвэрамі і ананімайзэрамі.

  • VPN (ангельская абрэвіятура расшыфроўваецца як «прыватная віртуальная сетка») — тэхналёгія, якая, апроч іншага, дазваляе абараняць прыватнасьць карыстальнікаў сеціва і абыходзіць блякаваньне, маскуючы IP-адрасы карыстальнікаў.
  • У жніўні летась беларусы былі другімі ў сьвеце пасьля іранцаў паводле ўзроўню карыстаньня VPN.
  • Беларускія ўлады блякавалі і блякуюць шмат непажаданых сайтаў, але пакуль яны не блякавалі VPN-сэрвісы.
  • У Туркмэністане ад карыстальнікаў патрабуюць клятвы на Каране аб адмове ад VPN.