На завяршэньне кансэрвацыі пашкоджанага пажарам Будслаўскага касьцёла бракуе прыкладна 400 тысяч рублёў, паведаміў на пасяджэньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі старшыня камісіі ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэньня, дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аднаўленьне касьцёла ў Будславе сабралі больш за мільён рублёўЯк піша інтэрнэт-партал Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, біскуп пазнаёміў прысутных з ходам рэканструкцыі нацыянальнага санктуарыя. На аднаўленьне сьвятыні ад фізычных і юрыдычных асобаў пералічана 1 мільён 20 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі, паводле Аляксандра Яшэўскага, выкарысталі на аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ, авансы падрадчыкам, экспэртызы, закупку матэрыялаў ды іншыя патрэбы.
Пры гэтым ён адзначыў, што сабраных грошай недастаткова, каб завяршыць кансэрвацыю, якая папярэднічае грунтоўнай рэстаўрацыі будынку. Таму збор сродкаў працягнецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч у Будславе: «З табой, Марыя, пабудуем новую Беларусь!»Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, вадой з пажарных брандспойтаў пашкоджаныя сьцены, падлога, мэбля. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт i iншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёлу неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі унутранае ўбраньне і арган, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мінімум $1,5 мільёна і праца на гады». Пагаварылі са сьвятаром з камісіі аднаўленьня касьцёла ў БудславеУ пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады. Ліквідацыя наступстваў пажару працягваецца.