2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: верасень

Эдуард Манэ, фрагмэнт карціны «Чытач» (1861)

Верасьнёўскія кніжныя навінкі адкрываюць імёны маладых, перад якімі неабсяжны сьвет жыцьця ў слове і для слова, і ўшаноўваюць знаных, перад якімі ўжо закрыўся гэты сьвет, але ня змоўкла іхняе слова. А яшчэ знаёмяць з тымі, каго зь іншых шыротаў прывабіла да сябе беларуская літаратура.

Навінкі беларускіх недзяржаўных выдавецтваў штомесяц чытайце ў першую суботу.

Паэзія

Раман Цымбераў. «На улицах Вавилона. Куретская стража». Менск, «Цымбераў».

Гэта двухбаковы зборнік, кніжка-перакрутка, у якую ўвайшлі вершы 2015–2018 гадоў аўтара, пра якога можна казаць як пра таго, хто зь іншых краёў і сфэраў прылучаецца да беларускай літаратуры.

Раман Цымбераў нарадзіўся ў Краснадарскім краі, але ўжо працяглы час жыве ў Менску. Па адукацыі таваразнаўца, эканаміст-мэнэджэр. З 2001 году індывідуальны прадпрымальнік у сфэры кніжнага гандлю. Рэдактар сэрыі «Такая гісторыя», у якой выдаюцца кнігі па гісторыі Беларусі і ваеннай гісторыі. Папярэднія зборнікі аўтара — «Мышыны кароль» (2006), «Гісторыя хваробы» (2011), «Трэці сшытак» (2017), зборніка вершаў для дзяцей у суаўтарстве з дачкой Эміліяй «Рознакаляровыя сьняжынкі». Піша па-расейску і па-беларуску.

Дзяніс Трусаў. «Слоў моб». Менск, «Галіяфы».

Паэт і музыка Дзяніс Трусаў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Наваградку, жыў у Горадні і Варшаве, Язеве і Штабіне, а з 2016-га ў Ханоі. «Слоў моб» — гэта яго трэцяя кніга, у якой інтуітыўны суплёт вершаў, песень, лірычных мініятураў і навэлаў на ангельскай, беларускай, віетнамскай, польскай і расейскай мовах. Іншамоўныя творы аўтара перастварыў па-беларуску Павал Касьцюкевіч.

Проза

Аляксандар Хацкевіч. «Замак на ўзгорку». Менск, «Галіяфы».

Замак на ўзгорку стаіць спрадвеку, і многія спрабавалі выведаць ягоныя таямніцы. Калісьці людзі верылі, што там жыве адродзьдзе Чарнабога — грозны Нічыпар. Паводле старажытнай дамовы штогод адзін з жыхароў паселішча абіраецца ахвярай для крыважэрнага монстра. Аднойчы выбралі юнака Данку. І вось ён, яшчэ амаль дзіця, павінен пакінуць дом бацькоў, каб сустрэцца з жахлівай пачварай. Ці здолее ён перамагчы Нічыпара і вярнуцца дамоў, ці загіне?

Але замак аб’ядноўвае дзьве лініі часу. Праз стагодзьдзі яго знаходзіць маладая дасьледчыца Настасься. Дзяўчына нават і ўявіць сабе не магла, як крута зьменіцца яе жыцьцё пасьля таго, як яна пераступіць парог замка. Вострасюжэтны раман-хорар трымае чытача ў напружаньні ад першай да апошняй старонкі.

Аляксандар Хацкевіч нарадзіўся ў 1994 годзе ў Віцебску. Скончыў факультэт міжнародных адносін Белдзяржунівэрсытэту. У 2016 годзе пераехаў у ЗША. Жыве ў пастаянных разьездах паміж Нью-Ёркам, Філядэльфіяй і Вайлдвудам. Грае ў музычным гурце «5051». Аўтар трох п’ес, пастаянна друкуецца ў альманаху «Беларус» (ЗША). «Замак на ўзгорку» — яго дэбютная кніга.

Нон-фікшн

«І немагчымае зрабі!..» Памяці Алеся Разанава. Успаміны пра падзеі 1968 года. Менск, «Тэхналёгія».

На пачатку кастрычніка 1968 году група студэнтаў на чале з Алесем Разанавым выступіла з патрабаваньнем, каб на беларускім аддзяленьні філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Усяго за паўдня пад пэтыцыяй падпісаліся некалькі сотняў чалавек.

Пра тое, як гэта ўсё адбывалася і якія вынікі мела, успамінаюць удзельнікі і сучасьнікі тых драматычных падзеяў, рэха якіх доўга адгукалася ў грамадзтве. А зьмест пэтыцыі актуальны для ўсёй сёньняшняй сыстэмы адукацыі ў Беларусі.

Пятро Васючэнка. Выбраныя творы. Менск, «Беларуская навука».

Вялікі том выбранага Пятра Васючэнкі склалі разьдзелы «Проза», «Драматургія», «Літаратуразнаўства» і «Дадатак» (Успаміны). Укладальніца кнігі Ніна Здановіч зрабіла і грунтоўныя камэнтары да твораў заўчасна памерлага два гады таму знанага пісьменьніка і літаратуразнаўцы.

Дзіцячая літаратура

«Гісторыя дзеткам». Менск, «Тэхналёгія».

Невялікая, але вельмі важная кніжачка пра гісторыю Беларусі для малодшым школьнікаў. Прыватная настаўніца Любоў Баркун і мастачка Валерыя Вікторчык дасьціпна і проста расказваюць пра каралеву Бону, якая любіла аліўкі, і сьмелых ваяроў Грунвальдзкай бітвы. Прапаноўваюць дзеткам уявіць, як жылося за першабытным ладам, і ненавязьліва знаёмяць з гербамі гарадоў. На кожнай старонцы — цікавыя заданьні і важныя веды. А стужка часу можа стаць зручным канспэктам на ўсе часы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: жнівень