Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, у штабе якога працавалі палітвязьні, даведаўся, пра што гаварыла ў апошнім слове Марыя Калесьнікава — праз шматлікія абмежаваньні пачуць ейную прамову маглі хіба міліцыянты з канвою, адвакат, пракурор ды судзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава ў судзе абвяргае ўсе выстаўленыя ёй абвінавачаньніАдзначаецца, што яна пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора папулярнага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Выказала перакананасьць, што працэс над ёй і Максімам Знакам — гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.
Таксама гаварыла Марыя Калесьнікава пра маральны выбар, сумленьне, павагу і любоў да людзей. І зь якой бы афарбоўкай на дзяржаўнай тэлевізіі не гучала слова «дэмакратыя», нельга ігнараваць тое, што напісана пра Беларусь у Асноўным законе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава з-за кратаў: «Зло ня мае над намі сілы, мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды»Апавядала пра каштоўнасьці свае і штабу ўжо зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Паводле абаронцы, Марыю некалькі разоў перабівалі, суд лічыў, што ейныя выказваньні ня тычацца абставінаў справы. Тым ня менш яна выказала ўсё, што хацела.
А ў канцы падзякавала ўсім адвакатам, пазбаўленым права на прафэсію ў ходзе працэсу, і скончыла апошняе слова выступам пра веру ў будучыню Беларусі.
Вырак у справе прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака агучаць 6 верасьня апоўдні ў судзе Менскага раёну (Менск, вул. Маякоўскага, 119а). Гэта будзе адзіная публічная частка працэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Калесьнікавай і Знаку вынесуць 6 верасьня. Ім пагражае да 12 гадоў турмыСуд пачаўся 4 жніўня і прыходзіць у закрытым рэжыме. Фігуранты справы пад вартай ад верасьня 2020 году. Вылучаныя супраць іх абвінавачваньні наступныя:
- заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь
- змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім.
Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, столькі і запатрабаваў пракурор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат: «Максім Знак у судзе падрабязна камэнтуе матэрыялы справы, дзе няма ніякіх доказаў яго віны»Праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака палітычнымі вязьнямі.