YouTube выдаліў больш за мільён ролікаў зь «небясьпечнай дэзынфармацыяй» пра COVID-19

У кампаніі заявілі, што яе палітыка накіраваная на выдаленьне відэа, здольных нанесьці «шкоду, якая пераходзіць усе межы».

YouTube заявіў, што з пачатку пандэміі COVID-19 хостынг выдаліў больш за мільён відэаролікаў зь «небясьпечнай дэзынфармацыяй пра каранавірус». Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паведамленьне відэаплятформы, якая належыць Google, зьявілася на фоне заяваў палітычных лідэраў, якія сьцьвярджаюць, што сацыяльныя сеткі ня здолелі спыніць распаўсюд хлусьлівай і шкоднай дэзынфармацыі пра вірус і на іншыя тэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 100 лекараў з усяго сьвету заклікалі змагацца з фэйкамі аб каранавірусе


У сваім блогу YouTube заявіў, што кампанія абапіраецца на «кансэнсус экспэртаў з органаў аховы здароўя», уключаючы Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў і САЗ, адзначыўшы пры гэтым, што ў некаторых выпадках «дэзынфармацыя зьяўляецца ня гэтак відавочнай» на фоне зьяўленьня новых фактаў.

«Наша палітыка накіраваная на выдаленьне любых відэа, якія могуць наўпрост прывесьці ў рэальным сьвеце да шкоды, якая пераходзіць усе межы», — заявіў дырэктар кампаніі па прадуктах Ніл Мохан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўднёвай Афрыцы выявілі новы варыянт каранавірусу